Суд у ЗША адхіліў апеляцыю мінскага кантрабандыста прыцэлаў
Федэральны апеляцыйны суд Трэцяй акругі ЗША адхіліў апеляцыю беларускага грамадзяніна Сяргея Балтуцкага. Яму пакінулі 15-гадовае пакаранне, прысуджанае ў кастрычніку 2013 года за кантрабанду высокатэхналагічных вырабаў, пераважна прыцэлаў і прыбораў начнога бачання.
Для экспарту такіх прыладаў патрабуецца ліцэнзія Дзярждэпартамента. Аднак, па словах федэральнай пракуратуры Усходняй акругі Пенсільваніі, якія перадае BBC, ні Балтуцкі, ні яго саўдзельнікі такую ліцэнзію ні разу не пыталіся.
41-гадовага мінчука Балтуцкага арыштавалі ў Фларыдзе, куды ён прыехаў з сям'ёй на адпачынак. 25 студзеня 2013 года ён прызнаў сябе вінаватым у змове з мэтай парушэння экспартных законаў ЗША і адмывання грошай.
Абарона прасіла абмежавацца ўжо адбытым тэрмінам. Адвакаты Балтуцкага казалі, што ён спрабаваў дамамагчы следству і даваў паказанні на сваіх саўдзельнікаў.
Абвінавачанне сцвярджае, што Балтуцкі з 1 студзеня 2008-га па 21 верасня 2011 года арганізаваў у ЗША цэлую сетку закупшчыкаў спецабсталявання. Яны незаконна перапраўлялі тавар у Беларусь альбо поштай, альбо праз беларускага дыпкур'ера Аляксандра Шпакоўскага. Следства мяркуе, што з ЗША за мяжу былі адпраўленыя сотні вырабаў на сотняў тысяч долараў.
Абвінавачанне заяўляла, што Балтуцкі атрымліваў з ЗША і перапрадаваў прыцэлы, цеплавізары ды іншае ваеннае абсталяванне, якое праціўнік выкарыстоўваў супраць амерыканскіх салдат у Іраку і Афганістане.
Адвакат беларуса даказваў, што такія ж вырабы можна свабодна набыць на інтэрнэт-аўкцыёне еВау і што яны могуць ужывацца не толькі ў ваенных, так і ў мірных мэтах — напрыклад, на паляванні.
Пасля вызвалення з турмы Балтуцкі павінен адбыць яшчэ тры гады пад галосным наглядам амерыканскіх уладаў. Але хутчэй за ўсё яго адразу дэпартуюць на радзіму.
Фота: PA