Суд прысудзіў спагнаць з рабочага на карысць "Беларуськалію" амаль 2 млн долараў

Суд прысудзіў спагнаць з рабочага на карысць "Беларуськалію" амаль 2 млн долараў

Амаль 2 мільёны долараў павінен заплаціць салігорац Уладзімір Малахаў на карысць "Беларуськалію". Суд прызнаў яго вінаватым у начным пажары на складзе, што здарыўся чатыры гады таму.

У каментары "Белсату" мужчына распавёў, што працаваў энергетыкам у прыватнай будаўнічай кампаніі. Напярэдадні здарэння ў яго быў выходны. Але яго папрасілі запусціць брыгаду будаўнікоў, якія рамантавалі склад "Беларуськалію".

"Я выйшаў, адкрыў нарад на агнявыя працы, спраўдзіў, каб работнікі ўзялі з сабою агнегасільнікі, узялі ваду, гарачаўстойлівыя лісты… і сышоў. Так як я за той дзень у загадзе не распісваўся, працаваць не пагаджаўся, то я спакойна сышоў адтуль", — кажа Малахаў.

Удзень працы завяршыліся, а ўначы склад загарэўся. Склад не быў застрахаваны, кнопка хуткага выкліку МНС у той дзень не працавала, а з водаправодам былі праблемы, таму да прыезду ратавалнікаў склад згарэў.

На судзе экспертыза не адказала на пытанне, ці мог Малахаў прадухіліць пажар. У дакументах напісана: "Вырашыць дадзенае пытанне ў межах правядзення экспертызы не падаецца магчымым". На аснове гэтага мужчына сцвярджае, што сувязі паміж яго дзеяннямі і пажарам не даказана — толькі імавернасць. 

Магчымай прычынай пажару эксперт назваў схаванае тленне пасля зварачных работ. На пытанне Малахава эксперт удакладніў, што тлець магло і 4, і 5 дзён.

"Тыдзень таму там працавала арганізацыя. Прайшоў тыдзень, склад пачаў гарэць. Прайшло праз гэты склад 100–200–300–500 асобаў, а прызналі вінаватым кагосьці аднаго", — канстатуе рабочы.

Шкоду ад пажару ацанілі амаль на 10 мільёнаў рублёў. Адказнасць падзялілі паміж Уладзімірам і яго кіраўніком. Малахаў мусіць кампенсаваць "Беларуськалію" 3,8 мільёна рублёў.

Цяпер яго заробак — 800 рублёў. Паводле закону на кампенсацыю шкоды вылічваюць не больш за палову — 400 рублёў. За год атрымліваецца 4800 рублёў. На пенсію Малахаў выйдзе праз 33 гады і паспее за гэты час аддаць 158 400 рублёў — крыху больш за 4% ад агульнае сумы шкоды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі