Суд пастанавіў легалізаваць ва Украіне 472 трактары з РБ, увезеныя праз Польшчу

МТЗ адпраўляе сваю прадукцыю

МТЗ адпраўляе сваю прадукцыю / vk.com/belarustractors_official

Суд ва Украіне пастанавіў легалізаваць 472 трактары з Беларусі, увезеныя праз Польшчу ў 2022-2023 гадах. Мытня спрабавала абскардзіць рашэнне ў апеляцыйным парадку, але суд стаў на бок украінскай кампаніі "Тэхнагандаль-Дон", зарэгістраванай у Мікалаеве, паведамляе Радыё Свабода.

Справа ў тым, што згаданая кампанія падпісала кантракт з Мінскім трактарным заводам на пастаўку вялікай партыі трактароў у чэрвені 2021-га. Яе кошт складаў каля 10 мільёнаў долараў. Украінцы мусілі заплаціць усю суму яшчэ да пачатку паставак. МТЗ змог распачаць іх толькі ў 2022 годзе, прычым трактары былі выпушчаныя ўжо ў ваенны для Украіны час (пасля 24 лютага).

Украінская мытня адмаўлялася афармляць трактары праз санкцыі, уведзеныя супраць МТЗ (Украіна іх увяла ў кастрычніку 2022-га). Тады ўкраінская кампанія і звярнулася ў суд. Разгляд справы пачаўся яшчэ ў сакавіку 2024-га.

У выніку суд абавязаў украінскую мытню аформіць увоз беларускіх трактароў, паколькі санкцыі супраць беларускага прадпрыемства набылі юрыдычную моц, калі "Тэхнагандаль-Дон" "завяршыла выкананне сваіх абавязкаў, прадугледжаных кантрактам". Суд звярнуў увагу і на тое, што ў санкцыях наўпрост не пазначана забарона на ўвоз на мытную тэрыторыю Украіны трактароў вытворчасці МТЗ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі