Вы тут

Суд над Анатолем Лябедзькам у Жабінцы перанеслі на 23 лютага (відэа)

Фота: svaboda.org

Суд над Анатолем Лябедзькам, лідарам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у Жабінцы перанеслі на 23 лютага. Апазіцыйны палітык быў затрыманы ў ноч з 9 на 10 лютага ў Жабінкаўскім раёне, калі на аўтамабілі вяртаўся з Брэста, дзе наведваў пікеты кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў і збіраў подпісы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Спынілі машыну супрацоўнікі ДАІ, якія выклікалі міліцыю. Спачатку Лябедзька быў адвезены ў Кобрынскі РАУС, дзе знаходзіўся ў ізалятары.

Палітыка абвінавачваюць у непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі і ў тым, што ехаў без дзейных правоў кіроўцы. Справу Лябедзькі 12 лютага пачаў разглядаць суд Жабінкаўскага раёна. Ён не выключаў, што яго збіраюцца ізаляваць на выбарчы перыяд. Аднак суддзя задаволіў хадайніцтва палітыка аб прадстаўленні яму часу на азнаямленне з матэрыяламі адміністрацыйнай справы.