Вы тут

Суд аштрафаваў чатырох удзельнікаў перадвыбарных пікетаў амаль на 5000 рублёў

Пікет у цэнтры Мінска / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё​

У Мінску аштрафаваныя чатыры ўдзельнікі апазіцыйных перадвыбарчых пікетаў. Пратаколы на Дзяніса Красачку, Ніну Багінскую, Вольгу Нікалайчык і Леаніда Кулакова былі складзены па артыкуле 23.24 КаАП. На пасяджэнні, якое праходзіла 2 снежня ў судзе Першамайскага раёна, іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

На 25 базавых велічынь (637,5 рублі) за перадвыбарчы пікет 8 лістапада аштрафаваны Дзяніс Красачка (як паведамляе TUT.by, у пратаколе сказана, што ён парушыў парадак пікетавання, актыўна ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах, якія выходзяць за рамкі перадвыбарнай агітацыі, выкрыкваў "Жыве Беларусь").

На 50 базавых велічынь (1275 рублёў) аштрафаваныя: пенсіянерка Ніна Багінская, Леанід Кулакоў (за акцыю 16 лістапада), былая кандыдатка ў дэпутаты Вольга Нікалайчык (за акцыі 8 і 16 лістапада).

Вядома, што аднаго з лідараў апазіцыі Паўла Севярынца выклікалі ў суд 5 снежня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.