Суд Амстэрдама вырашыў вярнуць калекцыю "скіфскага золата" Украіне

Суд Амстэрдама вырашыў вярнуць калекцыю "скіфскага золата" Украіне

Суд Амстэрдама вырашыў вярнуць калекцыю "скіфскага золата" Украіне, а не ў Крым, які ўжо трэці год кантралюецца расійскімі ўладамі. Рашэнне было абвешчанае 14 снежня, інфармуе УНІАН.

Калекцыя, на якую прэтэндавалі Украіна і Расія, складаецца з 565 музейных прадметаў. Цэнтральны музей Таўрыды і тры крымскія запаведнікі ў пачатку 2014-га, перад захопам Крыма расійскім спецназам, адправілі яе ў Нідэрланды ў Музей Аларда Пірсана. У лютым-траўні 2014-га там праходзіла выстава "Крым — залаты востраў у Чорным моры".

Улады Нідэрландаў пасля завяршэння выставы заявілі пра немагчымасць вяртання калекцыі Нацыянальнаму музею гісторыі Украіны. Яны тлумачылі гэта тым, што з'явіліся прэтэнзіі з боку крымскіх музеяў (Крым ужо кантраляваўся расійскімі ўладамі). Кіеў спасылаўся на тое, што "скіфскае золата" — гэта частка Музейнага фонду Украіны і яно можа перадавацца на часовае захоўванне на падставе заключаных кантрактаў. Кантакт з нідэрландскім бокам скончыўся больш за два гады таму. І вось рашэнне па гэтай спрэчнай справе вынес суд.

РІА "Новости" нагадвае, што кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў раней заяўляў: у выпадку, калі суд зойме бок Украіны, крымскія ўлады працягнуць барацьбу за калекцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі