Стынг раздасць ежу мінскім бяздомным

Брытанскі выканаўца Стынг папрасіў арганізатараў мінскага канцэрта раздаць ежу бяздомным. Гэта адна з умоваў, прапісаная ў бытавым райдары музыкі, распавяла Еўрарадыё Яна Самайловіч, прадстаўніца праекта allstars.by, які ладзіць канцэрт. Яна Самайловіч: “Асаблівае пажаданне Стынга ― каб усю ежу, якая застанецца некранутай, аддалі ў бліжэйшы прытулак для бедных і галодных”.

Праўда, пакуль allstars.by не вызначыліся, у які дакладна прытулак пойдзе ежа. Яна Самайловіч адзначыла, што ні сам музыка, ні яго суправаджэнне нічога складанага ад арганізатараў не патрабуюць, а дабрачынная акцыя Стынга ― самы цікавы пункт райдара.

Нагадаем, канцэрт Стынга пройдзе 18 верасня ў “Мінск-Арэне”. Свае хіты музыка выканае ў суправаджэнні Каралеўскага філарманічнага аркестра, а гэта 50 чалавек. Плюс Стынг прывязе з сабой каля 50 тэхнікаў ды абслугі.

Арганізатары прызналіся, што такая колькасць людзей выклікае пэўныя пытанні, якія таксама датычацца харчавання.

Яна Самайловіч: “Яны адразу папярэдзілі: маўляў, не давайце нам піцу, толькі ўявіце, колькі мы яе з’ядаем! Таксама ў іх шмат вегетарыянцаў і нават адзін тэхнік, у якога ўвогуле асобная дыета”.

Дарэчы, Стынг вязе і ўласнага кухара, але той не будзе карміць музыкаў увесь час. Да таго ж у райдары існуе патрабаванне выключыць алкаголь з меню і не паліць там, дзе будуць адбывацца абеды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі