Вы тут

Стваральнік PandaDoc спыняе праект дапамогі сілавікам, якія звольніліся

Мікіта Мікада / facebook.com/mikita.mikado

Стваральнік і кіраўнік IT-кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада спыняе праект дапамогі сілавікам, якія звольніліся са службы на знак падтрымкі мірных пераменаў. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю Бі-Бі-Сі. 

У рамках праекта Protect Belarus міліцыянтам прапаноўвалі юрыдычную і фінансавую дапамогу, а таксама аплату курсаў перакваліфікацыі. 

Мікада прызнаецца, што на такое рашэнне паўплываў удар па яго кампаніі: беларускія ўлады арыштавалі чатырох супрацоўнікаў і замарозілі рахункі фірмы, так што супрацоўнікі не змаглі атрымаць заробак. 

"Я падазраваў, што ёсць небяспека для мяне асабіста. Ёсць небяспека для майго бізнэсу. Але я не мог сабе ўявіць, што мае супрацоўнікі апынуцца ў небяспецы", — тлумачыць бізнэсовец. Сілавікам, якія вырашылі звольніцца з органаў, ён рэкамендуе звяртацца ў іншыя праекты. 

Як паведамлялася раней, у Мінску былі затрыманыя чатыры супрацоўнікі PandaDoc: бухгалтар Юлія Шардыка, дырэктар Дзмітрый Рабцэвіч, менеджар па прадукце Віктар Куўшынаў і дырэктар па HR Уладзіслаў Міхалап. Спярша іх абвінавацілі ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры (107 тысяч рублёў), а потым артыкул змянілі на махлярства.

Мікада заяўляе, што рашэнне спыніць праект ён прыняў самастойна, турбуючыся пра бяспеку калег. "Я не хачу, каб яшчэ кагосьці, не датычнага да маёй ініцыятывы, пасадзілі ў турму", — дадае ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.