Студэнты з Туркменістана гандлявалі ў Мінску брыльянтамі і золатам

Студэнты з Туркменістана гандлявалі ў Мінску брыльянтамі і золатам

2 лютага мінскія міліцыянты затрымалі двух родных братоў — грамадзянаў Туркменістана. Іх падазраюць у парушэнні правілаў аб здзелках з каштоўнымі металамі і камянямі, паведамляе прэс-служба УУС Мінгарвыканкама. На братоў пачалі крымінальную справу. 

26- і 36-гадовы замежнікі завочна навучаюцца ў ВНУ ў Гродне. 26 студзеня яны прыехалі на сесію. Разам з тым браты планавалі прадаць у Мінску брыльянты і залатыя ювелірныя вырабы, прывезеныя з сабой з Туркменістана. Пры гэтым, як паведамляецца, браты не мелі на гэты тавар дазволу Дзяржаўнай інспекцыі прабірнага нагляду Мінфіна Беларусі. Міліцыянты атрымалі аператыўную інфармацыю аб планах туркменскіх студэнтаў. Іх затрымалі па вуліцы Прытыцкага з доказамі злачынства ў момант продажу 10 брыльянтаў. За продаж гэтых каштоўных камянёў яны хацелі атрымаць 950 долараў.

Падчас асабістага догляду братоў аператыўнікі знайшлі і канфіскавалі залатыя ювелірныя вырабы з дыяментамі і ізумрудамі (завушніцы, пярсцёнак, брошку), чатыры пакеты з камянямі жоўтага і белага колеру, як мяркуецца залатыя вырабы, злітак з металу жоўтага колеру.

Зараз праводзяцца даследаванні ўсіх канфіскаваных каштоўнасцяў. Аператыўнікі высвятляюць паходжанне гэтых каштоўнасцяў ды іншыя падрабязнасці. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі