The Strokes “Angles”

На гэтым тыдні скончылася вясна. А вясна, гэта пара, багатая на рэлізы. Музыкі выпускаюць на свет свае тварэнні, каб пасля, летам старанна “абкатаць” іх па фестывалях планеты. Еўрарадыё пільна сачыла за ўсім, што прапаноўвалі нам айчынныя і замежныя музыкі, і напэўна, было б несправядліва не ўзгадаць пра адзін, на наш погляд, з галоўных рэлізаў мінулага сезону. Таму вернемся ў 21 сакавіка 2011 года, калі афіцыйна пабачыў свет чацвёрты лонгплэй амерыканскага гурта The Strokes пад назвай Angles.

Нараджэнне Angles праходзіла ў пакутах. Назва пласцінкі перакладаецца як “вуглы”, што, уласна, шмат у чым адлюстроўвае тое, што вакол яе адбывалася. Цяжка меркаваць, якія адносіны складаліся паміж удзельнікамі гурта, але вядома, што вакаліст Джуліян Касабланкас і астатнія музыкі запісвалі свае партыі асобна. Больш за тое, Касабланкас зусім не з’яўляўся ў студыі. Запіс вакальных партый ён зрабіў самастойна і даслаў яго па інтэрнэце.

У выніку гітарыст The Strokes Нік Валенсі прызнаваўся ва усіх інтэрв’ю, што працэс запісу быў для яго проста жахлівым і што ён больш не жадае нічога запісваць такім чынам і без вакаліста. “75 адсоткаў гэтага альбома выглядаюць так, нібыта яны зробленыя сумесна, а астатняе проста павісла ў паветры, нібыта кожны з нас прынёс па нейкім кавалку, і мы спрабуем скласці ўсё гэта як пазл”, -- так Валенсі апісаў працэс працы над альбомам для часопісу New Musical Express. Таму нас цікавяць менавіта гэтыя лепшыя 75 адсоткаў. А тое, стала плодам непаразумення музыкаў, ім і пакінем.

The Strokes – героі інды-року дзвюхтысячных. Прадстаўнікі пакалення гуртоў, якія балансавалі на мяжы альтэрнатывы і мэйнстрыму. Іх дыск Is This It часопіс Rolling Stone паставіў на другое месца ў спісе лепшых альбомаў мінулага дзесяцігоддзя. Цяпер героі змяніліся, і азіраючыся назад, многія упэўненыя, што нічога лепшага The Strokes ужо не створаць. Але, агледзеўшы безліч сённяшніх маладых гуртоў, якія цяжка адрозніць адзін ад іншага знешне і на слых, разумееш, што “Angles” цудоўны ужо тым, што гэта вынік душэўнай дзейнасці удзельнікаў гурта, а не прадзюсарскі прадукт. Музыкі “пражылі” альбом і запісалі яго самі, з дапамогай саўндпрадзюсара была зробленая толькі адна песня Life Is Simple In The Moonlight, якая атрымалася, напэўна, самым невыразным трэкам з 10-ці. Хаця Джуліян Касабланкас называе гэтую песню любімай на альбоме.

Пазл над назвай AnglesThe Strokes скаладалі як сталыя музыкі, кожны з якіх мае свой погляд на музыку. Вынік гэтага – большая стылістычная стракатасць, некаторыя правалы ў пабудове агульнага гучання і ў выніку – цудоўны альбом. Але спакойна! Усе ключавыя фішкі засталіся на месцы – бруднаватае гучанне, гітарныя каскады Ніка Валенсі, і неахайны вакал Касабланкаса. Усё дарагое сэрцу і звыклую стылістыку The Strokes можна пачуць у трэках Taken For a Fool, Gratisfaction, “Under Cover of Darkness”.

Цікава, што менавіта Джуліян Касабланкас прытрымлівауся ўласных “канонаў” гучання The Strokes, а за межы альбом выходзіць там, дзякуючы астатнім удзельнікам гурта. У прыватнасці у песні з электрычным гучаннем, якую напісаў басіст Нікалай Фрайчур “You're So Right, можна пазнаць The Strokes толькі дзякуючы вакалу.

Але, напэўна, самая яскравая песня атрымалася як вынік сумеснай творчасці Джуліяна Касабланкаса і гітарыста Ніка Валенсі. У адным з інтэрвью вакаліст The Strokes распавёў, што спачатку яе назва “Machu Picchu” існавала ў якасці жарту, а пасля сама пачала надаваць песні сэнс. “Я проста жадаў знайсці гару, на якую здолею падняцца”, -- патлумачыў Джуліян філасофскія дачыненні назвы і зместу.

І зрэшты, вельмі радасна, што The Strokes застаюцца кранальнымі раздзяўбаямі на фоне бойз-бэндаў, што імітуюць рок-эн-рол, і з гадамі не выветрываецца іх абстынентны шарм.) На вокладцы альбома Angles змешчаная выява адной з так званых немагчымых фігур. Гэта бясконцая лесвіца, па якой можна бясконца падымацца ці бясконца спускацца, але у выніку застанешся там, адкуль пачынаў. Але відавочна, што гурт, блукаючы па гэтай лесвіцы, ужо далёка адышоў ад зыходнай кропкі і ніколі больш у яе не трапіць. Таму ўсімі любімы альбом Is This It – гэта тое, што было, а Angles – гэта тое, што ёсць. І гэта клёва!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі