Страмкоўская: “Я жыву на свой заробак”

Першы нацыянальны тэлеканал беларускага тэлебачання абвінаваціў амбасаду ЗША ў фінансаванні беларускай апазіцыі. Па невядомых Еўрарадыё крытэрых БТ склала і агучыла спіс айчынных дзеячоў, якія, нібыта, атрымліваюць грошы ад амбасады ЗША ў Беларусі. У сваю чаргу праваабаронца Алесь Бяляцкі прызнаўся Еўрарадыё, што забыўся, калі апошнім разам наведваў амбасаду ЗША; Юлія Казуліна палічыла абвінавачванні БТ ганебнымі для ўсёй сваёй сям’і, а адвакатка Вера Страмкоўская расказала Еўрарадыё, што ёй на жыццё хапае свайго заробка.

Адзіным, хто “прызнаўся” ў кантактах з амерыканскім прадстаўніцтвам у Беларусі са спісу БТ, стаў Юры Губарэвіч – ў свой час ён пасярэднічаў у дастаўцы гумантарнай дапамогі ад ЗША раённай лякарні:

“Было дамоўлена, што белаазёрская гарадская бальніца атрымае частку міжнароднай амерыканскай дапамогі, па якой бальніца атрымала дастаткова вялікую партыю лекаў і медабсталявання. А ўсе прыдумкі беларускага тэлебачання наконт таго, што грошы былі скіраваныя супраць беларускага рэжыму, – гэта выдумка і няпраўда”.

На думку вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага факты, прыведзеныя БТ, мала падобныя да праўды:

“Я магу сказаць, што гэта поўная лухта. Ніякіх грантаў я не атрымліваў і не атрымліваю. У амерыканскай амбасадзе калі быў апошнім разам, дык і забыўся ўжо. Няхай гэтыя бэтэшнікі больш дасканала правяраюць інфармацыю, якую даюць”.

Людміла Гразнова, былая намесніца старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, наогул параўнала рэпартажы БТ з прапагандай часоў Гебельса:

“Усё гэта робіцца дзеля таго, каб выклікаць зайздрасцт і нянавісць у нашых грамадзянаў. Для таго, каб увесці ў зман нашых суайчыннікаў і такім чынам працягваць кіраваць гэтай масай недасведчаных людзей, які не разумеюць таго, што адбываецца ў краіне. Гэта ўсё наогул вельмі нагадвае гебельсаўскую прапаганду”.

Юлія Казуліна, дачка палітзняволенага Аляксандра Казуліна, успрыняла такія абвінавачванні бэтэшнікаў ганебнымі для ўсёй сваёй сям’і:

“Я вельмі абураная рэпартажамі нашага тэлебачання, якія ганьбяць не толькі мяне, але і ўсю маю сям’ю. Ніколі мы ніякія гранты не атрымлівалі і на амерыканскія грошы мы не жывём”.

Адвакатка Вера Страмкоўская распавяла Еўрарадыё, што ніколі не мела аніякіх стасункаў з амбасай ЗША:

“Ніколі нічога не атрымлівала і не атрымліваю. Дый наогул, што значыць “жывe за гэтыя грошыя?” Я жыву на свой заробак, і мне яго хапае. Глупства ўсё гэта!”

Напрыканцы трэба зазначыць, што адзіным з абвінавачаных у атрыманні грошай ад амбасады ЗША, хто збіраецца падаваць у суд, стаў Дзмітрый Шыманскі, старшыня брэсцкай філіі БНФ. Ён стаў героем рэпартажаў БТ некальк дзён таму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі