Стралкоў зноў хавае войска РФ, пакуль прапаганда рапартуе, што "панікі няма"

Баявік Стралкоў без вусоў у стрыме ад 08.09.2022 / скрыншот Z-канала
Баявік Стралкоў без вусоў у стрыме ад 08.09.2022 / скрыншот Z-канала

Расійская дзяржпрапаганда насуперак відавочным фактам паўтарае, што Узброеныя сілы Расіі непарушна ўтрымліваюць пазіцыі на фронце. "Ні пра які прарыў украінскіх войскаў у ходзе іх контрнаступу не можа быць і гаворкі", — кажа Васіль Нябензя, пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН.

Гэта пры тым, што сацыяльныя сеткі і СМІ літаральна стракацяць ад фота, на якіх вайскоўцы падымаюць украінскі сцяг у Балаклеі, Волахавым Яры, Шаўчэнкаве і іншых населеных пунктах лініі Харкаўскага фронту. Ужо з'явіліся здымкі, на якіх байцы УСУ стаяць на подступах да Купянска — важнага вузлавога цэнтра забеспячэння ізюмскай групоўкі расіян.

Стрелков снова хоронит армию РФ, пока пропаганда рапортует, что “паники нет”
Байцы УСУ каля знака "Купянск" / Харьков Life

Пакуль расСМІ робяць выгляд, што нічога не адбываецца, няслаба бамбіць у блогераў з Z-паблікаў і асабліва ў расійскага баевіка Ігара Стралкова (Гіркіна), аднаго са стваральнікаў так званых "Л/ДНР". Па ўзроўні выказванняў пра тое, як усё дрэнна ў войска РФ, Гіркін цалкам падыходзіць на ролю заспакаяльнага для ўкраінцаў.

Мы разумеем, што глядзець стрымы Стралкова не ва ўсіх хопіць часу і сіл. Таму Еўрарадыё замест вас азнаёмілася з чарговым выступам апальнага рэканструктара і запісала некалькі ягоных паражэнчых каментароў адносна апошніх падзей на расійска-ўкраінскай вайне.

 

Пра поспех УСУ на Харкаўскім кірунку

За некалькі дзён дзёрзкага прарыву (распачатага 6 верасня ад Балаклеі) украінцы прабілі абарону і ўклініліся на акупаваную тэрыторыю больш чым на 50 кіламетраў. На думку распрапаганды, нічога страшнага не здарылася. У Стралкова на гэты конт іншае меркаванне.

— Тое, што адбылося [прарыў УСУ: Балаклея — Волахаў Яр — Шаўчэнкава і гэтак далей], можна разгледзець з двух пунктаў гледжання, — разважае баявік. — Першы выказаў Апці Алаўдзінаў [камандзір кадыраўскага падраздзялення "Ахмат"].

Ён агучыў такую схему, што на Харкаўскім фронце нашы войскі завабліваюць праціўніка ў пастку [тактычна адступаюць. — Еўрарадыё]. Каб потым, выманьваючы яго асноўныя сілы з умацаванняў, рашучым ударам нанесці яму поўную ваенную паразу. На плячах рэзерваў з боку Белгарада або Ізюма пайсці ў наступленне на Харкаў.

Стрелков снова хоронит армию РФ, пока пропаганда рапортует, что “паники нет”
Апці Алаўдзінаў / РИА Новости

Апці Алаўдзінаў наогул багаты на выказванні. Восьмага верасня ў эфіры ў прапагандысткі Вольгі Скабеевай ён спяшаецца запэўніць гледачоў, што расійскія войскі адстаялі Балаклею.

"Так, былі спробы ўзяць Балаклею, было некалькі штурмаў. <...> І трэба адзначыць, што нашы байцы сапраўды праявілі сябе вельмі годна і спакойна адбілі ўсе іх атакі", — расказвае кадыравец. Гаворыць ён гэта на фоне відэа, якія разлятаюцца па тэлеграме і на якіх у цэнтры Балаклеі стаіць украінская вайсковая тэхніка, а на жылых дамах байцы УСУ ўсталёўваюць украінскія сцягі.

Стрелков снова хоронит армию РФ, пока пропаганда рапортует, что “паники нет”
Кадр з відэа, на якім тэхніка УСУ восьмага верасня рассякае па цэнтры Балаклеі / Всевидящее ОКО
Стрелков снова хоронит армию РФ, пока пропаганда рапортует, что “паники нет”
Спецыяльнае падраздзяленне УСУ на даху дома ў Балаклеі дакладвае Зяленскаму аб паспяховым штурме горада, 8 верасня 2022 года / “Лачен пише”

— Ёсць і другі пункт гледжання, які мне ўяўляецца, на жаль, больш імаверным, — працягвае Стралкоў. — Гэтая версія заключаецца ў тым, што са незразумелых, невытлумачальных прычын, якія вельмі падобныя да крэтынізму, праціўніку стварылі ідэальныя ўмовы для нанясення гэтага ўдару.

Калі гэта такі хітры план [вайсковага камандавання РФ] — ну, можа, так і трэба было зрабіць. Гэта мы ўбачым у найбліжэйшыя некалькі дзён, калі зараз [насустрач УСУ] рушаць "гремя огнём, сверкая блеском стали" [расійскія войскі]. Калі ж гэтага контрудару не будзе — значыць, усё наогул дрэнна, сітуацыя на гэтым участку фронту надзвычай пагоршыцца.

Тады наша моцная ізюмская групоўка, якая была нацэленая на наступ "Славянск — Краматорск", павісне на адзінай пераправе ў Асколе. Ведаючы, як праціўнік выносіць дамбы і масты, можна не сумнявацца, што яны не пашкадуюць ракет і вынесуць і гэтую пераправу. Тады ў ізюмскай групоўкі з'явяцца надзвычайныя цяжкасці з забеспячэннем. Калі нашы войскі не змогуць нанесці контрудар [тут Стралкоў чхае. Няўжо збудзецца? — Еўрарадыё], калі баявыя дзеянні пасля згасання пяройдуць у аператыўную паўзу, то гэта будзе азначаць, што бітву за ініцыятыву Расійская Федэрацыя прайграла.

 

Пра сітуацыю на Херсонскім фронце 

Стрелков снова хоронит армию РФ, пока пропаганда рапортует, что “паники нет”
Украінскія байцы з трафейнай Z-тэхнікай / "ФРАЙКОР"

Вызваленне Херсона дазволіць Украіне адрэзаць расійскія войскі ад забеспячэння з Крыма. Акрамя таго, гэта дапаможа адсунуць лінію фронту ад Мікалаева — а значыць, спыніць абстрэлы горада расійскай артылерыяй. Тое, што цяпер сілам РФ на правым беразе Дняпра даводзіцца нялёгка, пацвярджае і Гіркін.

— На Херсонскім фронце сканцэнтравана дастаткова моцная групоўка [УС РФ], — кажа Стралкоў. — Хоць часці [УС РФ], якія там змагаюцца, вельмі слаба адпавядаюць свайму штатнаму раскладу. Іх папаўненне альбо наогул не вялося, альбо вялося вельмі недастаткова.

Сітуацыя [на Херсонскім фронце] непазбежна будзе пагаршацца. Хоць бы з той прычыны, што ўсе асноўныя чатыры пераправы праз Дняпро — два аўтамабільныя і два чыгуначныя мосты — цалкам выведзеныя са строю. Праціўнік пастаянна абнаўляе іх пашкоджанні, пастаянна наносіць па іх дадатковыя ўдары, каб не даць магчымасці іх адрамантаваць. Адпаведна, усё забеспячэнне нашай групоўкі на правым беразе Дняпра трымаецца на некалькіх паромных пераправах.

Частка вайскоўцаў, у тым ліку афіцэраў, не адчувае вялікага аптымізму наконт развіцця падзей на гэтым [Херсонскім] фронце. Таму што гэтаксама, як і на іншых франтах гэтай вайны, яны не бачаць з боку дзяржавы і найвышэйшага вайсковага кіраўніцтва адэкватных дзеянняў згодна з сітуацыяй, якая складваецца. Войска атрымлівае крытычна мала папаўнення, у першую чаргу ў жывой сіле. Цякучка кадраў — масавыя звальненні людзей. А праціўнік працягвае ўзмацняцца з кожным тыднем.

Стрелков снова хоронит армию РФ, пока пропаганда рапортует, что “паники нет”
Для расіян адрэзаны асноўныя шляхі адступлення — Антонаўскія масты (1,2), мост ля Кахоўскай ГЭС (3) і мост цераз раку Інгулец (4). Усё гэта пахне ізаляцыяй раёна баявых дзеянняў / Всевидящее ОКО

Пра забеспячэнне расійскіх войскаў

— Калі ў 2014 годзе мяне выкінулі з Данбаса, тады ўсе платныя блогеры [прарасійскія. — Еўрарадыё], уключаючы цяперашніх суперпатрыётаў, вылі ў адзін голас: "Украіна замерзне! Украіна замайданіць!". І цяпер я зноў, праз восем гадоў, чытаю, што "Украіна замерзне, Украіна разваліцца, УСУ разваляцца ў кастрычніку".

А ў мяне ёсць уражанне, што ў кастрычніку пачне развальвацца наша войска. І не таму, што яно небаяздольнае або баязлівае. А таму, што яно забяспечваецца так, што зіма наступіць для нашага войска як заўсёды нечакана. Украінскае войска ў гэтым забеспячэнні вышэйшае нашай нават не на галаву, а нашмат больш, — канстатуе баявік.

Стрелков снова хоронит армию РФ, пока пропаганда рапортует, что “паники нет”
Украінскія валанцёры ўжо цяпер шукаюць выхад на буйныя швейныя вытворчасці, якія возьмуцца за заказ на пашыў зімовай формы для УСУ. Адзін з такіх заказаў размяшчае мілітары-паблік "Информация" / "Информация"

"Шеф, всё пропало"

— Я вельмі шмат за апошні час паглядзеў мемаў наконт таго, як я гавару пра мабілізацыю, пра тое, што спецыяльная аперацыя правалілася. Але яна рэальна цалкам правалілася, прычым даўно, яшчэ ў сакавіку, — выдае ў часе стрыму Стралкоў-Гіркін.

Стрелков снова хоронит армию РФ, пока пропаганда рапортует, что “паники нет”
Мемы пра Стралкова не баян, а класіка / тэлеграм

Трохі канспіралогіі

Ёсць меркаванне, што Стралкоў загадзя хавае расійскае войска не проста так. У РФ крытыка дзеянняў вайсковага кіраўніцтва мала каму сыходзіць з рук. А тут апальны камандантэ на ўсю краіну беспакарана вяшчае пра тое, як усё дрэнна, і нават называе вайну вайной.

Можа быць так, што відэа ад Гіркіна, якія глядзіць досыць шырокая аўдыторыя, санкцыянаваныя (калі не зрэжысаваныя) расійскімі спецслужбамі. У пачатку ўварвання пуцінскі рэжым, магчыма, і не планаваў мабілізацыю расіян. Вайну ва Украіне нават паблажліва ахрысцілі спецыяльнай аперацыяй. Але ўпёршыся ў неабыякі супраціў украінцаў, сутыкнуўшыся з немалымі стратамі і нястачай жывой сілы, расійскае камандаванне, магчыма, задумваецца пра тое, каб паставіць пад ружжо дадатковыя людскія рэсурсы.

Зрабіць гэта цяпер, не страціўшы рэпутацыю перад грамадзянамі РФ і сусветнай супольнасцю, цяжка. Таму, магчыма, і праводзіцца паступовае ідэалагічнае прамыванне з дапамогай Гіркіна і іншых Z-блогераў для таго, каб насельніцтва Расіі ў высакародным парыве ўхваліла мабілізацыю і масава адправілася паміраць ва Украіну.

Гэтай мэты дапамагае дасягнуць баявік Стралкоў, які неміласэрна палошча казлоў адпушчэння накшталт "фанернага маршала" Сяргея Шайгу, імкнучыся выклікаць народны гнеў. Маўляў, вінаватыя няўмекі з кабінетаў, але ўсё яшчэ можна выправіць. І лейтматывам пры гэтым пастаянна гучыць фраза пра неабходнасць аднаўлення парадку ў войску, фраза пра мабілізацыю, якая падаграваецца страшнымі прагнозамі ажно да вайсковай і палітычнай катастрофы пуцінскага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі