Вы тут

Статкевіч пракаментаваў выказванні Дзмітрыева і Някляева пра агентаў і Плошчу

Фота: nn.by

Мікалай Статкевіч пракаментаваў выказванні Андрэя Дзмітрыева і Уладзіміра Някляева пра агентаў і Плошчу 2010 года. Нагадаем, што ў інтэрв'ю Еўрарадыё Някляеў сказаў, што 2 з 4 чалавек у кіраўніцтве кампаніі "Гавары праўду" (а сярод іх — Дзмітрыеў) мелі куратараў са спецслужбаў, а той жа Дзмітрыеў, начальнік яго выбарчага штабу, "па-злачыннаму падманваў" падчас падзеяў 19 снежня 2010 года. Андрэй Дзмітрыеў у эфіры Еўрарадыё заявіў, што куратара з КДБ у яго няма, хаця і прызнаў, што ў "Гавары праўду" могуць быць "засланыя агенты". Гаворачы пра падзеі Плошчы, Дзмітрыеў сказаў, што ў снежні 2010-га ў штаба Някляева "быў план ― правесці перамовы з урадам". А ў Статкевіча, нібыта, быў план ― "ісці на штурм".

У каментары "Нашай ніве" Мікалай Статкевіч сказаў, што ў інтэрв'ю Дзмітрыева ёсць "праўда, паўпраўда і хлусня". Ён лічыць, што адзін з лідараў "Гавары праўду" мае кантакты са спецслужбамі ды даў параду яму "прызнаць факт падпіскі і публічна ад яе адмовіцца". Статкевіч сцвярджае, што яго 19 снежня 2010 года падманам завезлі ў офіс "Гавары праўду" перад тым, як на калону Някляева напалі "людзі ў чорным".

"Я ўпэўнены, што Дзмітрыеў хацеў мяне падставіць, — кажа Мікалай Статкевіч. — Някляеў, які тады быў нядоўга ў палітыцы, не разумеў, што значыць узяць мікрааўтобус з тэхнікай, палаткамі, акружыць яго трыма дзясяткамі студэнтаў і прарвацца з ім на Плошчу. Гэта выклік усёй сілавой сістэме. Гэта 100%-я правакацыя. Някляеў не ведаў, Фядута мог не ведаць, але Дзмітрыеў дакладна ўсё ведаў".

Мікалай Статкевіч назваў хлуснёй, "прамым даносам" словы Дзмітрыева, што ў яго, у Статкевіча, быў нейкі план "штурма" падчас Плошчы. І калі б такі план у яго быў, Андрэй Дзмітрыеў быў бы "апошнім чалавекам у апазіцыі", з кім бы яго ён абмяркоўваў.