Старшынём "Моладзі БНФ" абраны Андрэй Крэчка

Старшынём моладзевай арганізацыі Партыі БНФ "Моладзь БНФ" стаў Андрэй Крэчка. Ён быў абраны на гэты пост шляхам паўторнага таемнага галасавання дэлегатаў IV з'езду арганізацыі, які праходзіў 10 кастрычніка ў Мінску ў офісе Партыі БНФ.

Акрамя Крэчкі на пост старшыні арганізацыі прэтэндавала Аляксандра Клімовіч. Падчас першага галасавання мандатная камісія выявіла ва ўрнах для таемнага галасавання 65 бюлетэняў, хаця ў працы з'езду прымаюць удзел 64 дэлегаты. Было вырашана правесці паўторнае галасаванне.

Па яго выніках Крэчка атрымаў 35 галасоў дэлегатаў з'езду, Клімовіч — 28, яшчэ адзін дэлегат прагаласаваў "супраць усіх". Такім чынам, Крэчка стаў лідэрам "Моладзі БНФ".

У сваім выступе пасля абрання ён заявіў, што хоча актывізаваць працу з рэгіёнамі, даць ім больш паўнамоцтваў у прыняцці рашэнняў арганізацыі і перайсці да працы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Гэта значыць, больш увагі надаваць будзённай працы: распрацоўваць улёткі, раздатачныя матэрыялы, прыцягваць актывістаў да працы "ад дзвярэй да дзвярэй" і гэтак далей.

Як паведамляе БелаПАН, Андрэй Крэчка нарадзіўся ў 1987 году, мінчук, працаваў у інфармацыйна-вылічальным цэнтры Міністэрства фінансаў сістэмным адміністратарам, потым — у дзяржаўнай страхавой кампаніі. Быў звольнены з працы з-за ўдзелу ў масавых акцыях апазіцыі. Скончыў 9 класаў політэхнічнай гімназіі, радыётэхнічны каледж. Цяпер вучыцца на 4-м курсе БДУІР на завочным аддзяленні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі