Старшыня назіральнай камісіі: у беларускіх калоніях няма катаванняў

pixabay.com
pixabay.com

У рамках Тыдня супраць катаванняў у Мінску адбыўся круглы стол "Нацыянальныя прэвентыўныя механізмы і кантроль за выкананнем правоў асуджаных". Яго арганізавала праваабарончая арганізацыя "Прававая ініцыятыва". У абмеркаванні ўдзельнічала і старшыня Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Мінюсце Таццяна Краўчанка. Яна распавяла, што зацікавілася досведам краін-суседак. Таксама яна паведаміла, што беларуская камісія не вядзе статыстыку па парушэннях у калоніях.

"Я лічу, што ў нас ідуць справы не так, як здаецца некаторым, не так ужо і дрэнна. У нас камісія працуе нармальна. За 13 гадоў шмат што змянілася. Мы аб'ездзілі практычна ўсе папраўчыя установы ў Беларусі. І калі прыязджаем паўторна, бачым вынік. Літаральна ўчора мы былі ў Навасадах [ВК-14. — Еўрарадыё]. Упершыню мы пабывалі там гадоў пяць таму. Зараз абсалютна ўсё па-іншаму. Ідуць рамонты, прыводзяцца ў парадак памяшканні. Я бачу, як змяняецца становішча. З такімі парушэннямі, як катаванні, нам не даводзілася сутыкацца".

Па словах Краўчанкі, камісія атрымлівае лісты ад вязняў і адразу ж на іх рэагуе — прыязджае ў калонію з паверкай.

— Быў выпадак з медыцынскімі праблемамі. Мы паехалі туды, нам паказалі картку гэтага зняволенага: якія прэпараты ён прымаў, якія лекі дасылалі бацькі, подпісы яго паказвалі пад перадачамі. А ён піша, што яму прывозілі, але ён не атрымліваў. Але ты ж распісаўся ў гэтай картцы! Мы з ім потым гутарылі сам-насам.

— Вы не думаеце, што на зняволенага маглі аказаць ціск супрацоўнікі калоніі?

— Які ціск? Які ціск на яго можа быць аказаны?

— І статыстыкі па парушэннях у вас няма?

— Такой страшнай статыстыкі, як катаванні... Ну не, такога няма.

— А нястрашная ёсць?

— Ну, караюць, калі чалавек парушае дысцыпліну. Калі ўвесь час парушае, то і ў штрафны ізалятар садзяць. А як інакш?

Па словах Краўчанкі, яна не супраць прыняць у камісію больш незалежных назіральнікаў, але пакуль свабодных месцаў няма. Таксама яна падкрэсліла, што меркаванне такіх назіральнікаў часта бывае прадузятым.

Кіраўнік "Прававой ініцыятывы" Вікторыя Фёдарава звяртае ўвагу на тое, што ў беларускім заканадаўстве няма крымінальнай адказнасці за катаванні:

"Мы не можам даць ніякіх канкрэтных лічбаў, таму што турмы закрытыя. Сама дзяржава не можа весці статыстыку катаванняў, таму што няма адказнасці за гэта. Па Крымінальным кодэксе размазаныя розныя злачынствы, якія могуць так ці інакш падпадаць пад нейкія дзеянні, звязаныя з катаваннямі. Але гэта не дазваляе вывесці статыстыку. Адзіная інфармацыя, якая ёсць у нас, — з даклада Беларусі ў Камітэт ААН супраць катаванняў. Там за тры гады было каля 614 заяў аб дзеяннях, якія трапляюць пад канвенцыю [супраць катаванняў]".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі