Старшыня КДК выступіў супраць ліберальных рыначных рэформаў

Старшыня КДК выступіў супраць ліберальных рыначных рэформаў

Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў выступіў супраць шырокіх рыначных рэформаў. Пра гэта ён напісаў у артыкуле "Якімі нам быць?", апублікаваным у газеце "СБ. Беларусь сегодня"

У сваім тэксце кіраўнік КДК згадвае пачатак 1990-х гадоў і тагачасны эканамічны крызіс: "Я сёння з уздрыгваннем думаю, што было б з краінай, калі б усё раздалі ў прыватную ўласнасць або зачынілі неэфектыўна працуючыя прадпрыемствы. Да гэтага тады, і з падвоенай сілай цяпер, нас заклікае разнамасны хор рыначнікаў, называючы заводы "таксічнымі актывамі" (выраз-то які прыдумалі — як быццам там склад атрутных рэчываў, гатовы вось-вось ірвануць)".

Анфімаў лічыць, што дастаткова правесці прыватызацыю толькі малых і, магчыма, сярэдніх прадпрыемстваў. Буйныя прадпрыемствы мусяць застацца ў руках дзяржавы. І дзяржава павінна кіраваць эканомікай. 

"Умяшанне дзяржавы ў эканоміку існавала заўсёды. З гадамі мяняліся толькі формы і метады гэтага ўмяшання. Асобныя крытыкі ад эканомікі такое ўмяшанне з боку беларускай дзяржавы расцэньваюць няйначай як валюнтарызм у самай горшай яго праяве. Але дзеянні ўрадаў замежных дзяржаў па абмежаванні ўнутранага рынку ад імпарту праз мытныя бар'еры і тарыфную палітыку чамусьці называюць — з паважліва-зневажальным рабалепствам і прыдыханнем — мерамі макраэканамічнага рэгулявання", — піша старшыня КДК.

Чыноўнік ухваляе планавую эканоміку і заяўляе, што яна апярэдзіла свой час. "Яна дала магчымасць у кароткія тэрміны толькі за кошт унутраных рэсурсаў аднавіць разбураную і Першай сусветнай, і грамадзянскай вайной эканоміку СССР. Усе прадпрыемствы працавалі ў шчыльнай кааперацыйнай звязцы. Кожны ведаў, што вырабляць і колькі. А галоўнае, не было праблем са збытам прадукцыі", — настальгічна заяўле Анфімаў. Праблемы ў эканоміцы СССР ён тлумачыць тым, што ідэю планавай эканомікі сказілі: сталі прымаць павышаныя сацыялістычныя абавязацельствы, ад чаго разбураўся баланс у выпуску прадпрыемстваў, звязаных паміж сабой. 

"Я не разумею, чаму камусьці карціць разбурыць тое, што забяспечвае спакой і стабільнасць, напэўна, адзінай на постсавецкай прасторы краіны. Нашай краіны, якую дзякуючы стрымвальным фактарам унутранай і знешняй дзяржаўнай палітыкі абмінула доля ўнутрыпалітычных, міжнацыянальных і міжканфесійных разборак. Эксперыменты ў сферы грамадска-эканамічных адносін занадта дорага абыходзяцца дзяржавам, дзе яны праводзяцца. Але яшчэ больш высокую цану плацяць за іх народы гэтых дзяржаў", — перасцерагае старшыня КДК. 

Анфімаў лічыць, што займацца трэбе не рэформамі эканомікі краіны. "Рэформы патрэбныя, але не ў сферы эканамічных адносін праз пераразмеркаванне ўласнасці ад дзяржавы прыватніку. Перш за ўсё яны павінны закрануць адносіны людзей да працы", — заяўляе ён. 

Артыкул Анфімава выглядае адказам на тое, як у СМІ абмяркоўваліся апошнія змены ва ўрадзе. Шмат хто з экпертаў адзначаў рыначныя сімпатыі новага прэм'ер-міністра Сяргея Румаса.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі