Вы тут

Старшыня КДБ: Калі ёсць інтэлект, то няма неабходнасці ў прымяненні сілы!

Старшыня КДБ Валерый Вакульчык, фота Змітра Лукашука

14 фігурантаў “справы патрыётаў” да гэтага часу знаходзяцца пад следствам. Паводле інфармацыі стваральніка “Белага легіёна” Сяргея Бульбы (Чыслава) і палітыка Міколы Статкевіча да іх прымяняюць фізічныя катаванні і псіхатропныя рэчывы. Ці сапраўды гэта так? Адказ карэспандэнт Еўрарадыё спрабуе атрымаць у старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка.

― Гучаць абвінавачванні, што ў дачыненні да затрыманых па “справе патрыётаў” прымяняюцца фізічная сіла, псіхатропныя сродкі…

Валерый Вакульчык: А вы пачыталі каментарыі Кунцэвіча ў Фэйсбуку? Гэта за яго таксама мы напісалі? Відэа прымусілі зрабіць і ўсё астатняе? Ці вы хочаце сказаць, што ён нейкі праўладны, ці што Камітэт яго на свой бок перацягнуў? Разам з тым звярніце ўвагу: нягледзячы на тое, што ў яго машыне было знойдзена, юрыдычна следчыя не знайшлі дастаткова доказаў, каб паставіць гэта яму ў віну. Таму было прынятае аб’ектыўнае, прадугледжанае законам рашэнне.

Па гэтай справе прымаюцца ўсе меры, каб поўна і ўсебакова даследаваць усе абставіны. Вы ж ведаеце, па якім артыкуле справа ідзе. Не будзем казаць “Белы легіён” ці не “Белы легіён” ― не важна, група людзей. Ёсць там арганізаванасць? Ёсць! Вы выдатна разумееце, што з пункту гледжання кваліфікацыі дзейнасці арганізаванасць там ёсць і ёсць тое, што “ўзброенасць”. І яшчэ адзін момант: 287-ы артыкул ― гэта палітычны артыкул ці экстрэмізм?

― Сам артыкул ― экстрэмізм, але…

Валерый Вакульчык: Гэта экстрэмізм! Гэта сур’ёзныя рэчы. Але разам з тым, следчыя скіраваныя на тое, каб аб’ектыўна разабрацца ва ўсіх пытаннях. І яны разбіраюцца. Канечне, я ведаю больш, але не магу гэтага казаць у інтарэсах следства. І ў інтарэсах асоб, якія праходзяць па гэтай крымінальнай справе. Каб раней часу на некага ставіць кляймо. Але я прыхільнік таго, што адказы на ўсе пытанні павінны быць дадзеныя ва ўстаноўленым законам парадку. Бо заўчасна нельга казаць, што чалавек злачынца і гэтак далей. Заўжды падчас расследавання справы Камітэтам дзяржбяспекі ці Следчым камітэтам мы дзейнічаем так: калі няма доказаў па справе, не важна ― карупцыйнай ці якой іншай, то мы, хоць і маем унутраную ўпэўненасць у вінаватасці, але не прымаем ніякіх мер. Бо ёсць закон, і павінна быць справядлівасць. Справядлівасць такая: каб кожны, хто праходзіць па справе, разумеў ― у дачыненні да яго паступілі справядліва. І тады я гляджу яму ў вочы прама. Не важна: да пачатку разбіральніцтва ці пасля. 

Такі ж падыход і да ўзгаданай крымінальнай справы. Зразумела, што яна выклікае ўвагу, рэзананс. Але звярніце ўвагу, што гэта вельмі сур’ёзныя рэчы. Сёлета КДБ восем тэрарыстаў затрымаў, летась ― 17, пазалетась ― 21. Гэта асобы, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці, знаходзіліся ў міжнародным вышуку. Якія былі ў Сірыі. Адзін прыехаў з Нямеччыны. Сёлета быў сумесна з органамі МУС затрыманы адзін, які меў выбуховае прыстасаванне, рыхтаваўся да здзяйснення тэрарыстычнага акту.

― У Беларусі?

Валерый Вакульчык: Не, у Еўропе. Гэта ўжо даказана. Гэта рэчы, на якія мы не можам проста так глядзець, і мы не можам дапусціць, каб у нашай краіне былі такія здарэнні, смерць людзей, якія бываюць у іншых краінах. І грамадства, і журналісты павінна вельмі сур’ёзна да такіх рэчаў ставіцца. Але адказы на гэтыя пытанні павінна даць следства ў вызначаным законам парадку, а потым ― суд.

― А па справе прарыву джыпа праз беларуска-ўкраінскую мяжу?

Валерый Вакульчык: Справа ў стадыі расследавання. Гэта таксама тычыцца ўзнятай вамі ў размове тэмы.

― Чаму інфармацыю па справе КДБ дае праз “Советскую Белоруссию” ці нейкія фільмы па БТ?

Валерый Вакульчык: А як?

― Прэс-канферэнцыю сабраць!

Валерый Вакульчык: Ага! А потым вы ўсё гэта выкладзеце! Можна даць тое, што можна даць. Вось, вы зараз задаяце пытанні і дадзіце гэтую інфармацыю. А чаму “Советская Белоруссия” не можа гэтага даць ці “Беларусь сегодня”?

― Склалася ўражанне, што менавіта Міраслаў Лазоўскі праходзіць галоўным па гэтай справе.

Валерый Вакульчык: Ну, нельга сказаць, што самы галоўны… Не, зразумела, што калі ідзе гаворка пра агранізаванасць, то паўстае пытанне наконт таго, хто там лідар, а хто выканаўца, у чым была роля кожнага. Таму, не будзем заўчасна ставіць на ім кляймо галоўнага, ці самага вялікага злачынцы ці ўдзельніка, бо злачынцам яго пакуль рана называць.

― Клуб “Патрыёт” меў дачыненне да гэтай “арганізаванай групы” ці не?

Валерый Вакульчык: Гэта розныя рэчы. Проста, некаторыя з тых, хто праходзіць па 287-м артыкуле, некалі мелі дачыненне да клуба “Патрыёт”. Але гэта розныя рэчы і няправільна будзе іх звязваць у адно.

― І ўсё ж ― якая мэта была ў гэтай так званай “арганізаванай групоўкі”, што яны хацелі зрабіць?

Валерый Вакульчык: Вельмі шмат пытанняў, вельмі шмат інфармацыі, вы ведаеце, колькі там удзельнікаў. Трэба разабрацца ва ўсіх пытаннях, каб не з’явілася потым абвінавачванняў, што мы тэндэнцыйна нешта недзе асвятляем. У бліжэйшы час завершыцца следства, і вы атрымаеце ўсе адказы.

― Што значыць “ у бліжэйшы час”?

Валерый Вакульчык: Да паўгода…

― Значыць, вы сцвярджаеце, што ніякіх катаванняў альбо ўціску не прымяняецца да зняволеных?

Валерый Вакульчык: Ну, што вы кажаце?! Вы паглядзіце: яны просяцца, каб іх перавялі з СІЗА-1 да нас! Калі ёсць інтэлект, то зусім не абавязкова прымяняць іншыя сродкі. Катаванні! Што вы такое кажаце?!

Відэа Змітра Лукашука