Сталы скарочаных чыноўнікаў… на дровы, камп'ютары — на каштоўныя металы

На сайце Белстата інфармацыя пра заробкі беларусаў з’явіцца на 10 дзён пазней за звычайнае, таму што статыстычны камітэт таксама скарочаны!

“Трошкі будуць іншыя тэрміны, трэба будзе прывыкнуць”, — спасылаецца Белстат на пастанову Саўміна пра аптымізацыю кадраў статыстыкі і раіць прызвычаіцца да новаўвядзенняў.

“Спраўляемся, пакуль бюджэт выконваем. Цяжкавата, але спраўляемся. Аб аптымізацыі рана казаць — яшчэ і месяца не прайшло, мо ў кастрычніку будзе бачна, хапае людзей ці не”, — разважаюць ў скарочаным  Міністэрстве па падатках і зборах. Тут пазбавіліся прыкладна ад дзвюх тысяч падаткавікоў. Кажуць, у кабінетах стала вальней.

“Больш кіслароду”, — жартуюць падаткавікі. Хоць сталы, шафы, ды іншую аргтэхніку яшчэ не прыбіралі. На пытанне Еўрарадыё, куды падзенуць лішнюю мэблю, у МПЗ кажуць, што, магчыма, падзеляцца з філіяламі.

У Лідскім райвыканкаме камп'ютары скарочаных людзей аддаюць тым, хто застаўся. І скардзяцца, што тэхніка маральна састарэлая, а грошай на новую амаль не выдзяляюць.

А вось у Мінспорту цяпер не хапае мэблі, камп'ютараў і нават памяшканняў! Пасля “аптымізацыі кадраў” тут працуе ўжо не 73 чалавекі, а … 120! Бо да міністэрства дадалі Дырэктарат нацыянальных каманд, які стаў упраўленнем.

“Не хапае памяшканняў, будзем прасіць у ўладальніка будынка, у якога арандуем памяшканне”, — кажуць у Мінспорту. У міністэрстве скардзяцца, што ў іх ёсць камп'ютары і па 8 гадоў. На пытанне, куды выкідваюць старыя шафы і сталы, тут радуюць гаспадарчым падыходам:

“Любое крэсла, нават самае паламанае, спісваюць, а потым здаюць на дровы, я так разумею. Як і камп'ютарную тэхніку — яе здаюць на каштоўныя металы!” — і я пачынаю разумець, з-за чаго ў Беларусі расце золатавалютны запас!

А вось Белдзяржхарчпрам мэблю, што засталася пасля скарачэння супрацоўнікаў, аддае каледжу.

 “У нас мэбля 80-х мо гадоў. Што сабе пакідаем, што аддаём каледжу нашаму, а што на дабрачыннасць. Есць некалькі лістоў ад інвалідаў і 1 жніўня мы прымем рашэнне”.

А вось у Нацбанку кажуць, што сярод скарочаных супрацоўнікаў — не толькі тыя, хто сядзеў за сталом, але і інкасатары, і гэтак далей. Але каб атрымаць больш дакладную інфармацыю, дзе падзеліся сталы з Нацбанка, супрацоўнікі просяць напісаць запыт.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі