Вы тут

Стала вядома, калі ў адкрыты космас упершыню ў гісторыі выйдуць дзве жанчыны

Эн Маклейн. Фота: NASA

NASA назвала дату, калі ўпершыню ў гісторыі ў адкрыты космас выйдуць дзве жанчыны. Як перадае ВВС, гэта адбудзецца сёлета 29 сакавіка. Місію даручаюць Эн Маклейн і Крысціне Кук — астранаўткі выйдуць па-за межы карабля на адлегласці каля 400 км ад паверхні Зямлі і заменяць сонечныя батарэі на МКС.

Адметна, што кіраваць іх місіяй з карабля таксама будуць дзве жанчыны — Мэры Лоўрэнс і Джэкі Кейгі.

Маклейн і Кук з’яўляюцца выпускніцамі акадэміі NASA. Яны навучаліся ў групе, набранай у 2013 годзе, і палову курсантаў складалі жанчыны. Маклейн мае тэхнічную адукацыю, а таксама служыла ў ваенна-паветраных сілах, удзельнічала ў бавых дзеяннях у Іраку. Кук займалася пераважна навуковай дзейнасцю, у тым ліку вывучала Антарктыку і прабавіла зіму на Паўднёвым Полюсе.

Першай жанчынай, якая выйшла ў адкрыты космас, стала савецкая касманаўтка Святлана Савіцкая. Гэта адбылося 25 ліпеня 1984 года. З тых часоў жанчыны неаднаразова апыналіся ў адкрытым космасе. Але каб адразу дзве — такое ўпершыню здарыцца сёлета.