Стала вядома, чаму зачыніўся гатэль Crowne Plaza ў Мінску

Гатэль Crowne Plaza 

Гатэль Crowne Plaza  / planetabelarus.by

Гатэль Crowne Plaza ў Мінску спыніў сваю працу па тэхнічных прычынах. Пра гэта адміністрацыя паведаміла супрацоўнікам гатэля. З адным з іх пагутарыў рэсурс Office Life.

"Наша кіраўніцтва згадвала тэрмін магчымага адкрыцця гасцініцы — праз шэсць месяцаў. Але ці сапраўды ёсць такія планы, мы не ведаем. На дадзены момант пэўнасці няма", — сказаў былы супрацоўнік гатэля. Пад скарачэнне трапілі некалькі дзясяткаў чалавек. Гэта не толькі пакаёўкі і кухары, але і спецыялісты бэк-офіса.

Нагадаем, пра закрыццё Crowne Plaza стала вядома на гэтым тыдні. Але прычыны гэтага рашэння не называліся. Адзначым, што ў лютым 2022 года гатэль ужо закрываўся, але тады праз паўгода ён зноў пачаў прымаць гасцей. У гэты раз спыніла сваю працу і казіно пры гатэлі, працуе толькі спа-цэнтр.

Па словах удзельнікаў рынку, да закрыцця Crowne Plaza мог прывесці шэраг фактараў. Гасцініца стала саступаць канкурэнтам, нягледзячы на спробы трымаць цэны на ўзроўні ці нават ніжэй рынку. Раней у гатэлі часта спыняліся турысты з краін Заходняй Еўропы і Турцыі. Але турыстаў з Заходняй Еўропы стала менш. Менш стала і замежных спартсменаў, якія прымалі ўдзел у мерапрыемствах на стадыёне "Дынама".

"Вялікую ролю адыгрывала і наяўнасць казіно. Дзякуючы яму ў гатэлі таксама спыняліся турысты. Канкурэнцыя сярод казіно вырасла як у Мінску, так і ў Расіі — стала выгадна лётаць з гэтай мэтай у той жа Сочы", — кажуць экспэрты. Яшчэ адзін суразмоўца Office Life нагадаў, што ў кампаніі-ўладальніка будынка гатэля былі даўгі перад бюджэтам, банкамі і партнёрамі. Фінансавае становішча гатэля пагоршылася падчас пандэміі каранавіруса. Праблем дадалі і санкцыі. Эксперты беларускага гасцінічнага рынку лічаць, што продаж гатэля і інвестыцыі ў яго маглі б стаць рашэннем праблемы. У абноўленым выглядзе гатэль мог бы аднавіць працу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі