“Срэбра” біятланістаў каштавала беларусам каля 1 мільёна долараў

Зборная Беларусі на чэмпіянаце свету па біятлоне сенсацыйна заваявала “срэбра”. Еўрарадыё вырашыла даведацца, у колькі гэтае “сенсацыйнае” дасягненне абыйшлося айчыннаму падаткаплацельшчыку.

Напрыканцы студзеня Мінспорту падлічыла, што летась на фінансаванне нацыянальных зборных было затрачана больш за 34 мільёны долараў. Чыноўнікі падзялілі гэтую суму на 514 заваяваных зборнымі медалёў і атрымалі суму ў 66 тысяч долараў. Менавіта столькі, на іх думку, каштаваў беларусам кожны медаль. Еўрарадыё звярнулася ў Мінспорту, каб высветліць, ці не быў даражэйшым учорашні медаль біятланістаў.

Начальнік упраўлення спорту Міністэрства спорту і турызму Мікалай Бабец прызнаў, што кошт медаля ў 66 тысяч долараў сапраўды называўся. Але казаць пра кошт перамогі біятланістаў адмовіўся і назваў такія падлікі дуратой.

Мікалай Бабец: “Пошукі кошту -- гэта дурата ў вышэйшай ступені. Гэта элементарнае няведанне спорту вышэйшых дасягненняў, яго ўзаемадзеяння з фінансаваннем, з эканомікай. І гэтыя лічбы можна круціць: можна памяншаць, можна павялічваць”.

Галоўны рэдактар газеты “Прессбол” Уладзімір Беражкоў, магчыма, сапраўды не ведае таямніц узаемадзеяння спорту вышэйшых дасягненняў з эканомікай, але разбіраецца ў каштоўнасці заваяваных зборнымі медалёў. Таму прапанаваў падзяліць патрачаныя на фінансаванне зборных 34 мільёны долараў не на 514, а на 40 медалёў. Заваяваных выключна на чэмпіянатах свету і Еўропы. Кошт аднаго медаля атрымаўся 850 тысяч долараў.

Уладзімір Беражкоў: “Кожны медаль, па падліках Мінспорту, каштуе каля 60 тысяч долараў. Але калі лічыць выключна алімпійскія дысцыпліны, то адзін медаль на чэмпіянатах свету і Еўропы каштуе беларускаму падаткаплатніку каля 800 тысяч долараў. Зразумела, гэта прыкладна. Трэба сыходзіць з лічбы каля 1 мільёна долараў”.

Рэдактар “Прессбола” сцвярджае, што нават гэтая лічба толькі пачатковая. Калі ўзяцца лічыць па-сапраўднаму, то кошт аднаго медаля ў біятлоне можа пераваліць далёка за мільён долараў.

Уладзімір Беражкоў: “У гэтым відзе спорту шмат злоўжыванняў, і фінансаванне ідзе па некалькіх накірунках. Ёсць і клуб біятлону, і Міністэрства спорту, ёсць і спонсарскія грошы. І ніхто іх па-сапраўднаму не ўлічвае”.

Алімпійская чэмпіёнка па біятлоне, сябра прэзідыума Федэрацыі біятлона Святлана Парамыгіна таксама “сапраўднымі” лічыць толькі 40 заваяваных зборнымі медалёў. І пагаджаецца з тым, што кошт аднаго медаля складае каля 850 тысяч долараў. Але біятлонны медаль каштуе значна больш. Бо грошы на біятлон выдзяляюцца не толькі Міністэрствам спорту.

Святлана Парамыгіна: “Справа ў тым, што фінансаванне біятлону з’яўляецца таямніцай за сямю пячаткамі. Таму адказаць, колькі каштуе іх медаль, я нават не ведаю, хто можа адказаць. Па Міністэрстве спорту сумы адны, а ёсць яшчэ клуб біятлону, куды па загадзе прэзідэнта аб падтрымцы біятлону пералічваюцца бюджэтныя сродкі з дзяржаўных прадпрыемстваў”.

Былая біятланістка нават прыблізна не можа сказаць, аб якіх сумах ідзе гаворка.

Святлана Парамыгіна: “Мне, як спартсмену ў мінулым, і сённяшняму сябру прэзідыума Федэрацыі не ўдалося хаця б краёчкам вока ўбачыць план размеркавання гэтай агульнай сумы сродкаў”.

Кажа, падлічваючы кошт учорашняга медаля біятланістаў, не трэба спыняцца на суме ў 850 тысяч долараў. Лічба насамрэч значна большая. І, на яе думку, гэты медаль патрачаных на яго грошай не каштуе.

Святлана Парамыгіна: “Гэта, напэўна, столькі не каштуе. У вачах спецыялістаў гэтага віду спорту што ўяўляе гэты медаль? Не асноўныя склады многіх камандаў і не алімпійская дысцыпліна. Так, ён ёсць, мы радуемся і віншуем усіх, хто спрычыніўся, але...”

Еўрарадыё вырашыла параўнаць узровень фінансавання біятлону і самага “медалёвага” віду спорту – лёгкай атлетыкі. Як стала вядома з дасведчаных крыніц, Міністэрства спорту і турызму сумесна са спонсарамі праз клуб біятлону выдзеліла ім 3 мільярды 421,8 мільёны. Лёгкаатлеты ад Мінспорту і прэзідэнцкага клуба атрымалі 6 мільярдаў 297 мільёнаў. У 2008 годзе толькі Мінспорту выдзеліць біятлону 1 мільярд 632 мільёна рублёў, а лёгкай атлетыцы – 3 мільярды 638 мільёнаў. Адзінае, што не трэба забываць: біятлон -- гэта адна спартыўная дысцыпліна, а ў лёгкай атлетыцы іх некалькі дзесяткаў. Біятланісты заваявалі адзін медаль, а лёгкаатлеты – значна больш.




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі