Спынена крымінальная справа супраць БХК

Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў заяву Міністэрства юстыцыі аб адмове ад прэтэнзіяў да Беларускага Хельсінскага камітэта і закрыў справу аб прыпыненні дзейнасці гэтай праваабарончай арганізацыі.
“Нарэшце прынятае справядлівае рашэнне. Мяркую, яно тычыцца не толькі
нашай арганізацыі. Гэта і сведчанне агульнага вяртання сітуацыі ў
краіне на прававыя рэйкі”, - пракаментаваў рашэнне Вярхоўнага суда
выканаўца абавязкаў старшыні БХК Алег Гулак.

Пазалетась Мінюст звярнуўся ў Вярхоўны суд з просьбай прыпыніць
дзейнасць БХК нібыта за парушэнні падатковага заканадаўства. Сёння
стала вядома, што ад гэтых прэтэнзій чыноўнікі адмовіліся самі.

“Зараз мы паспрабуем аднавіць наш грашовы рахунак, каб далей дзейнічаць
паўнавартасна”, - паведаміў пра планы арганізацыі Алег Гулак.

Нагадаем, чатыры гады таму БХК абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў з
тэхнічнай дапамогі ТАСІС, якую ЕС прызначае, сярод іншага, на
праваабарончыя праграмы. У выніку грашовы рахунак арганізацыі
замарозілі, супраць старшыні БХК і галоўнага бухгалтара завялі
крымінальную справу, а ЕС спыніў фінансаванне праграмаў.

Кіраўніцтва ЕС
і праваабарончыя арганізацыі свету запатрабавалі ад беларускіх уладаў
спыніць пераслед Беларускага Хельсінскага камітэту.

Радыё Свабода