Спявачка Шаркунова збегла ад размеркавання ў міліцыю

Пінчанку Ганну Шаркунову вызвалілі ад працы ў Пінску па размеркаванні, хоць яна і вучылася па мэтавым накіраванні. Яна маладая спявачка і толькі што скончыла БДПУ імя М. Танка. А вось дызайнераў-мінчукоў з мастацкай вучэльні імя Глебава размеркавалі ў Касцюковічы (што амаль на мяжы з Расіяй) педагогамі, хоць педагагічнай адукацыі яны не маюць.
Ганна родам з Пінску, і паступала вучыцца яна на выкладчыцу музыкі і сацыяльнага педагога па асобным конкурсе, бо мела дамову вярнуцца працаваць у пінскую школу. Але дзяўчына пачала спяваць на сцэне, яе называюць поп-спявачкай, і вяртацца ў Пінск ёй ахвоты няма. Яе праблема ўжо вырашаная, хоць, як прызнаецца Ганна, гэта было няпроста.

Ганна Шаркунова: “У курсе былі ўсе адразу, што я не паеду ў Пінск. Усе разумеюць маю сітуацыю і гатовыя мне дапамагчы. Тут, канешне, не без цяжкасцей. Але я думаю, мы ўсё вырашым, і ўсё будзе добра. Я пазітыўна настроеная, не хачу ні пра што дрэннае думаць, я ведаю, што ўсё будзе добра! Я люблю свой горад, і лепей прыеду ў тую школу з канцэртам – больш карысці будзе”.

У аддзеле адукацыі Пінскага райвыканкаму Еўрарадыё сказалі, што Ганну пераразмеркавалі ў іншае месца. Гэта – Міністэрства ўнутраных спраў.

Аддзел адукацыі Пінскага райвыканкаму: “У нас ёсць хадайніцтва Міністэрства ўнутраных спраў за подпісам намесніка міністра Жыбуртовіча аб тым, каб мы яе адпусцілі ў распараджэнне МУС. Мы пагадзіліся, адправілі ў пісьмовым выглядзе паперу, што аддзел адукацыі Пінскага райвыканкаму не пярэчыць пераразмеркаванню маладога спецыяліста Шаркуновай Ганны Віктараўны ў распараджэнне Міністэрства ўнутраных спраў. На жаль, да нас яна ўжо не паедзе”.

Дызайнерам з мастацкай вучэльні імя Глебава пакуль так не шанцуе. Іх нечакана размеркавалі ў Касцюковічы, і такое здарылася ўпершыню – раней іх вучэльня размеркавання не ведала. У Касцюковічах іх прызначылі працаваць выкладчыкамі ў класах дызайну, якіх пакуль няма. Іх хочуць адкрыць у дзіцячай мастацкай школе і ў школе рамёстваў. Тое, што ў выпускнікоў ніхто не чытаў нават педагогікі, аддзел культуры Касцюковіцкага райвыканкаму не бянтэжыць.

Мікалай Іманюк: “У нас увогуле няма класаў дызайнераў, і мы лічым, што нам неабходна іх адкрыць. Бо гэта ўвогуле перспектыўны кірунак. І мы згодныя, каб яны выкладалі. Яны кажуць: у іх няма педагагічнай адукацыі, і яны не могуць выкладаць. Тэарэтычна, я думаю, яны маюць рацыю, але практычна – сёння можна выкладаць пры той падрыхтоўцы, якая ў іх ёсць. Мы лічым, што яны нам патрэбныя, што яны маглі б у нас працаваць. Таму няхай усё вырашаюць тыя, хто іх размяркоўваў, – калі іх размеркавалі няправільна, значыць, няхай пераразмяркоўваюць”.

Малады спецыяліст Арцём з ліку тых самых дызайнераў знайшоў сабе іншую працу, дакладна па спецыяльнасці. Да таго ж, яго аклад у Касцюковічах складаў бы 150 тысяч рублёў. Ён марыць аб пераразмеркаванні. Адмацавання маладым дызайнерам даваць не збіраюцца. А без яго іх ніхто не пераразмяркуе, кажа дырэктар іх вучэльні Васіль Ясюк.

Васіль Ясюк: “Пакуль яны размеркаваныя і там ім адмацаванне не далі, наша навучальная ўстанова не можа ніякіх дзеянняў рабіць”.

Ці прадаставілі маладым дызайнерам працу па спецыяльнасці, вырашыць, хутчэй за ўсё, суд. Тады мы даведаемся, ці могуць выкладаць у беларускіх школах не-педагогі, у той час, як педагогі спяваюць у МУС.

Фота — www.puls.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі