Справа “замежных шпіёнаў” за год так і не была перададзеная ў суд

Больш за год КДБ працягвае расследаваць справу аб шпіянажы на карысць іншых дзяржаў. Розгалас пра яе пайшоў летась у канцы ліпеня пасля выказвання Аляксандра Лукашэнкі пра здрадніка, які “у спецслужбах служыў і праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з іншаземнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой”.

Гэтая інфармацыя на той момант выглядала здагадкай, яна не была пацверджаная следствам. Але праз некалькі дзён быў затрыманы ксёндз з Барысава Уладзіслаў Лазар.

Вядома, што пра сітуацыю даведаўся нават Папа Рымскі Францішак.

Паўгода ксёндз Уладзіслаў правёў у СІЗА КДБ і ў выніку быў выпушчаны.

А расследаванне па справе аб шпіянажы дагэтуль не завершанае. Хоць днямі з’явіліся чуткі, што яна ўжо перададзеная ў суд.

“Крымінальная справа ў дачыненні да ксяндза Лазара ў суд не трапляла”, ― кіраўнік прэс-службы Вярхоўнага суда Юлія Ляскова праверыла інфармацыю па абласных і іншых судах. ― Калі б такая гучная справа знаходзілася ў нейкім судзе, то мы б пра гэта ведалі.

Еўрарадыё: А што наконт іншых спецслужбоўцаў, якіх абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Польшчы?

Юлія Ляскова: Астатняе мне не вядома. У маёй кампетэнцыі толькі такую інфармацыю давесці да СМІ.

Цікавімся перспектывамі крымінальнай справы і ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі.

“Каментарыя на гэты конт не будзе. Калі з’явіцца нейкая інфармацыя, яна будзе даведзеная ва ўстаноўленым парадку”, ― абразае вуглы кіраўнік прэс-службы КДБ Артур Стрэх.

Перыядычна наконт “справы Лазара” (хоць святар і выпушчаны з СІЗА а галоўнымі фігурантамі з’яўляюцца іншыя людзі, у СМІ замацавалася менавіта такая назва) з’яўляліся розныя меркаванні. Нехта лічыў, што арышт ксяндза ― гэта спосаб націснуць на каталіцкую царкву. Еўрарадыё мела неправераныя звесткі пра тое, што па справе праходзіць некалькі абвінавачаных. А галоўны фігурант нібыта перадаваў таемныя звесткі і вось-вось збіраўся пераехаць у іншую краіну. Гэта інфармацыя не публікавалася, бо выглядала надуманай.

Сам ксёндз Лазар, якога пасля вызвалення з СІЗА адправілі служыць у Вілейку, падрабязнасці нікому не раскрывае.

“Я не хачу, каб з-за маіх слоў пацярпелі людзі. Прабачце, але мне было сказана не размаўляць на гэтую тэму”, ― так сустракае Еўрарадыё ксёндз Уладзіслаў. Але не праганяе з ганку плябаніі: не па-хрысціянску.

Плябанія, дзе сёння жыве святар

Аказалася, што галоўныя фігуранты сапраўды з’яўляліся прыхаджанамі касцёла, дзе служыў ксёндз Лазар. Цікавімся ў святара, за што менавіта яго затрымалі?

Ксёндз Лазар: “Справа вядзецца. Затрымалі, бо лічыцца, што калі вінаватая паства, то вінаваты і пастар. Але святар не пытаецца ў прыхаджан, хто яны, адкуль і якую пасаду займаюць. Калі людзі вінаватыя, то яны павінны адказаць. Але калі не вінаватыя, то тое, што адбываецца, ― гэта наіўна, подла і прымітыўна”.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа, дзе сёння служыць ксёндз Уладзіслаў

Святар толькі ўсміхаецца на пытанні пра здароўе і нават не распавядае пра мясцовы касцёл, бо “не з’яўляецца тут рэзідэнтам”. Выглядае, што ў Вілейцы ён — своеасаблівы закладнік на час следства, калі так можна фармуляваць думку, звязаную з гэтым мілым мястэчкам. 

Дагэтуль незразумелы статус ксяндза Лазара ў “шпіёнскай справе”. Паводле адных звестак, ён дагэтуль з’яўляецца абвінавачаным, бо быў вызвалены з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Паводле іншых, усе абвінавачванні былі знятыя. Не валодае пытаннем нават выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько, які нядаўна “сустракаўся з мітрапалітам і інфармацыі на гэты конт не атрымаў”.

Разумеем прынамсі, што вытворчасць па крымінальнай справе ідзе. Але зацягнутыя тэрміны расследавання сведчаць, што з даказваннем віны “шпіёна” маглі ўзнікнуць праблемы.

Зрэшты, гісторыі з “беларускімі шпіёнамі”, якіх ідэнтыфікавалі ў Польшчы, таксама выглядаюць неадназначна.

Сёлета ў сакавіку польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі паведаміла пра дваіх такіх нашых “Джэймсаў Бондаў”. Абодва мелі фотаздымкі вучэбнага цэнтра NATO у Быдгашчы і, як паведамлялася, збіраліся перадаць іх у Расію. Адзін з гэтых шпіёнаў, як пісалі польскія СМІ, быў ваенным аташэ беларускай амбасады. Здымкі нібыта зрабіў сам. Яго дэпартавалі. Другі аказаўся 34-гадовым выкладчыкам гродзенскага ВНУ. Ён дэманстратыўна фатаграфаваў вучэбны цэнтр з суседніх дамоў. Прадстаўнікі польскіх спецслужбаў выказвалі журналістам меркаванні, што “шпіён” паводзіў сябе так, нібы сам хацеў звярнуць на сябе ўвагу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі