Вы тут

Справа пенсіянерак-фізкультурніц з Віцебска можа зноў апынуцца ў судзе

Таццяна Севярынец (злева) и Алена Каснова (справа) / viciebskspring.org

Справу пенсіянерак, якіх затрымалі ў лесе пад Віцебскам падчас заняткаў фізкультурай, могуць вярнуць у суд. Намеснік пракурора горада Кірыл Дубаў апратэставаў рашэнне раённага суда, які пастанавіў спыніць адміністрацыйную справу ў дачыненні да Таццяны Севярынец і Алены Касновай.

13 студзеня Севярынец сабрала пяць сваіх сябровак, каб разам заняцца скандынаўскай хадой. Жанчын затрымалі, калі яны рабілі размінку. У заплечніку ў Севярынец знайшлі два сцягі, якія, па яе словах, яна планавала пасля прагулкі перадаць знаёмым для захоўвання — трымаць іх дома яна баялася. Жанчын абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні. Тым не менш суд палічыў, што іх віна не даказаная, і спыніў справу. Пасля абвяшчэння пастановы суддзя Вераніка Барысава прынесла жанчынам афіцыйныя выбачэнні.

Цяпер гэту справу будзе разглядаць абласны суд, паведамляе "Віцебская вясна".

"Выснова аб недаказанасці віны названых асоб [Таццяны Севярынец і Алены Касновай] у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння была зробленая заўчасна, без належнага расследавання абставінаў правапарушэння", — гаворыцца ў пратэсце пракуратуры, накіраваным у Віцебскі абласны суд.

Пратэст пракуратуры / viciebskspring.org

Намеснік віцебскага пракурора Кірыл Дубаў лічыць, што суддзя Вераніка Барысава павінна была дапытаць і іншых сведак-міліцыянтаў, якія выязджалі ў лес, калі атрымалі "паведамленне аб правапарушэнні".

Абласны суд спачатку разгледзіць пратэст пракуратуры. Калі ён будзе задаволены, то справа Тацяны Севярынец і Алены Касновай адправяць на новы разгляд.

Астатніх удзельніц той прагулкі ў лесе судзілі 20 студзеня. Іх справа таксама было спынена за недаказанасцю віны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.