"Справа Ляўковіча" будзе абмеркаваная лідэрамі АДС 21 красавіка

"Справу Анатоля Ляўковіча" разгледзіць у аўторак (раней планавалася, што ў панядзелак) кіраўніцтва Аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Яно збянтэжанае заявамі кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" на старонках прэзідэнцкай газэты "Советская Белоруссия". Як адзначае "Белорусский партизан", на надзвычайнай нарадзе будзе ісці гаворка пра адзінства дэмакратычнай апазіцыі. Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што выказванні Ляўковіча, якія прагучалі ў інтэрв'ю, не адпавядаюць пазіцыі АДС.

Калі высветліцца, што з Ляўковічам салідарная і яго партыя, можа паўстаць і пытанне аб выключэнні БСДП (Грамада) са складу Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, адзначае сайт bdg.by.

Нагадаем, Анатоль Ляўковіч на старонках "СБ" заявіў, што дэмакратычныя сілы дарма сталі ў апазіцыю Лукашэнку і вялі з ім барацьбу, бо яго "выбрала і падтрымлівае большасць народа". Паводле Ляўковіча, атрымлівалася, што апазіцыянеры змагаліся з большасцю народа.

Кіраўнік БСДП (Грамада) адзначыў, што яго партыя будзе настойліва шукаць кантакты з уладай, каб "стаць паўнавартасным суб'ектам сістэмнага палітычнага працэсу".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі