Справа Беражкова і Суботкіна з ХК “Дынама”: раскраданні ці помста сілавікоў

У чацвер, 27 жніўня, Следчы камітэт і МУС падчас брыфінгу паведамілі падрабязнасці па гучных крымінальных справах, распачатых на ўжо былое кіраўніцтва хакейнага клуба “Дынама-Мінск”.

Былому гендырэктару Максіму Суботкіну выстаўлена абвінавачанне па артыкуле “Злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі”. Паводле версіі праваахоўнікаў, Суботкін самавольна заснаваў прадпрыемства ЗАТ “Маркетынг ХК “Дынама”, у межах якога прызначыў сабе штомесячную зарплату ў 45 мільёнаў рублёў. А таксама заключыў праз гэта прадпрыемства фіктыўную дамову на 400 мільёнаў. Дарэчы, існаванне такіх прадпрыемстваў, якія займаюцца працай з рэкламадаўцамі, нармальная справа для Кантынентальнай хакейнай лігі, дзе выступае "Дынама". Існуе нават аналагічнае ТАА “КХЛ-Маркетынг”.

Уладзіміра Беражкова абвінавачваюць у “Раскраданні шляхам злоўжывання службовым становішчам”. Канкрэтна, паводле версіі праваахоўнікаў, чыноўнік фармальна аформіў у клубе знаёмага, якому прызначыў штомесячную зарплату ў 15 мільёнаў. Таксама гэтай асобе рэгулярна выплачваліся прэміі на суму ад 80 да 160 мільёнаў. У выніку з рахунка гэтай асобы, як запэўнівае следства, Беражкоў асабіста зняў 1 мільярд 90 мільёнаў.

Таксама праваахоўнікі паведамілі пра арышт рахунка Беражкова, на якім быў 1 мільярд 800 мільёнаў.

Следства выставіла сітуацыю так, што і Суботкін, і Беражкоў прызналі апісаныя дзеянні і нават ужо пачалі кампенсоўваць нанесеныя страты.

У прыватнасці, было сказана, што Беражкоў ужо выплаціў 133 мільёны, гатовы працягваць пакрыванне стратаў і нават збіраецца звярнуцца да Лукашэнкі па пытанні памілавання.

Мікіта Беражкоў тлумачыць, адкуль у бацькі 1 мільярд 800 мільёнаў на рахунку

Звесткі, якімі падзяліліся праваахоўнікі, пададзены так, нібы Уладзімір Беражкоў прызнаў сваю вінаватасць і гатовы прасіць прабачэння.

Аднак у дзень брыфінгу з удзелам МУС і Следчага камітэта Мікіта Беражкоў, сын абвінавачанага, у інтэрв’ю TUT.BY паведаміў некаторыя падрабязнасці, якія ставяць пад сумнеў сказанае праваахоўнікамі.

У прыватнасці, сын паведаміў, адкуль на ўжо арыштаваным рахунку ўзяліся грошы, пра якія распавядаюць следчыя.

“Тыя 1,8 мільярда — гэта грошы ад прададзенай у ліпені кватэры. Прычым набытая яна была пасля продажу іншай кватэры. Таму паходжанне гэтых грошай лёгка патлумачыць”.

Больш за тое, сын паведамляе, што 133 мільёны пакрытай шкоды аплаціла, не разбіраючыся, сям’я Уладзіміра Беражкова. Такую суму назваў следчы.

“Для нас галоўнае, каб ён хутчэй выйшаў з турмы. Для яго, напэўна, таксама”, — кажа Мікіта Беражкоў.

“Спорт-Экспресс” даведаўся пра нюансы справы непасрэдна ад крыніц з ХК “Дынама-Мінск”

Скандал з арыштам Уладзіміра Беражкова даўно выйшаў за межы Беларусі. У дзень брыфінгу з удзелам СК і МУС у расійскай газеце “Спорт-Экспресс” выйшаў матэрыял, прысвечаны зняволенню кіраўнікоў ХК “Дынама-Мінск”.

Журналіст скарыстаўся паездкай каманды ў Маскву і ананімна пагутарыў з тымі яе функцыянерамі, якія знаходзяцца на волі. Такім чынам, “Спорт-Экспресс” аналізуе увесь ланцужок крымінальнай гісторыі.

Паводле версіі выдання, усё пачалося з праверкі ўрача хакейнага клуба. Ён сумяшчаў працу ў камандзе з падпрацоўкай на “хуткай”. А працоўныя гадзіны, пастаўленыя ў табелях уліку, не паўсюль супадалі. Зрэшты ўрача не пакаралі, а ўзяліся за гендырэктара Суботкіна, які, паводле версіі выдання, апошнім часам са многімі пасварыўся.

Пасля затрымання Суботкін звязаўся з Беражковым і папрасіў знайсці адваката, што не спадабалася адстаўным сілавікам, якія зноўку займаюць ключавыя пасады ў ХК “Дынама-Мінск”. Пасля гэтага заняліся і Беражковым.

Асоба, якую, паводле версіі праваахоўнікаў, былы генеральны менеджар фіктыўна ўладкаваў на працу, — гэта скаўт Леанід Сагындыкаў. Як палічылі ў “Спорт-Экспрессе” пасля гутаркі з прадстаўнікамі ХК “Дынама-Мінск”, Сагындыкаў на клуб працаваў і прыносіў карысць. Але сілавікі знайшлі да чаго дачапіцца.

Выданне разглядае і розныя версіі, як да гэтага дайшло. Па ідэі, Беражкоў не меў паўнамоцтваў, каб падпісваць дакументы, за якія яго маглі прыцягнуць да адказнасці. Адна з версій, што Суботкін пераклаў на Беражкова частку сваёй віны.

Яшчэ адна версія — што праваахоўнікі не разабраліся ў спецыфіцы працы скаўта і ў тым, як яны атрымліваюць узнагароджанні. Але апошняя версія выглядае наіўнай.

У артыкуле “Спорт-Экспресса” ёсць разважанні і пра тое, што крымінальная гісторыя пачаліся з нядаўняга прыходу ў клуб былога супрацоўніка КДБ Аляксандра Марчука, які сёння кіруе прававой і кадравай работай. Старшыня назіральнай рады клуба — кіраўнік МУС Ігар Шуневіч. Ды і ўвогуле кіраўніцтва клуба цалкам складаецца з былых і дзейных сілавікоў, з метадамі якіх часта не пагаджаўся Беражкоў.

***

Уладзімір Беражкоў нечакана для многіх заняў пасаду генеральнага менеджара “Дынама-Мінск” у красавіку 2014 года. Гэта было ў часы, калі каманда правалілася ў сезоне 2013/2014 і не выйшла ў плэй-оф.

Беражкоў стаў адказным за спартовы накірунак. Менавіта ад яго ў многім залежалі пытанні спартовага росту і на яго адказнасці ляжалі вынікі. Пры гэтым генменеджар не рабіў стаўку на набыццё суперзорак, наадварот — заробкі гульцоў пад яго кіраўніцтвам скараціліся. Пры гэтым вынікі каманды значна палепшыліся. “Дынама” зноўку трапіла ў плэй-оф, прытым без праблем. Здавалася, у новым сезоне бела-сінія здолеюць прайсці далей за першую стадыю плэй-оф. Але Беражкоў за кратамі. Замест яго спартовымі пытаннямі займаецца былы галоўны кадравік МУС Курылец — нядаўні калега тых, хто ўзяў у распрацоўку Беражкова.

Дарэчы, першыя вынікі новага сезона у ХК “Дынама-Мінск” ужо ёсць — пройгрышы “Спартаку” і “СКА”.

Фота bards.ru, khl.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі