Вы тут

У пятніцу Уладзімір Беражкоў стаў спартыўным дырэктарам федэрацыі хакея

На архіўным здымку Уладзімір Беражкоў у студыі Еўрарадыё.

У пятніцу, 13 ліпеня, Уладзімір Беражкоў стаў спартыўным дырэктарам федэрацыі хакея Беларусі. Пра гэта "Прессболу" паведаміў намеснік старшыні ФХБ Дзмітрый Баскаў. Ён адзначыў яго "глыбокае разуменне хакея" і "кіраўнічы вопыт" (у тым ліку і ў федэрацыі хакея).

Інфармацыя пра прызначэнне Беражкова з'явілася яшчэ напярэдадні. Ён яе не пацвярджаў і не абвяргаў, паколькі афіцыйна быў прызначаны толькі сёння. Баскаў распавёў, што ранейшы спартыўны дырэктар федэрацыі Уладзіслаў Клачкоў працаўладкаваўся ў Расіі, у "Тарпеда" з Ніжняга Ноўгарада. Кандыдатура Уладзіміра Беражкова была не адзінай. Але некалькі вядомых менеджараў клубаў экстралігі ад прапановы адмовіліся.

Беражкоў быў галоўным рэдактарам папулярнай спартыўнай газеты "Прессбол" (у 1995-2014 гадах). Працаваў генеральным менеджарам ХК "Дынама-Мінск". Летам 2015-га яго арыштавалі, абвінавачвалі ў крадзяжы дынамаўскіх грошай з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў. Вясной 2016-га Беражкоў вышаў на волю, а крымінальную справу ў дачыненні да яго спынілі. Матэрыяльную шкоду ён кампенсаваў яшчэ падчас следства.

"Ад нейкіх памылак ніхто не застрахаваны... Уладзімір Пятровіч не быў асуджаны, наколькі мне вядома, да яго няма ніякіх прэтэнзій і пытанняў", — адзначыў Дзмітрый Баскаў.

У далейшым Беражкоў працаваў у Беларускай федэрацыі футбола, дзе быў дырэктарам дэпартамента па маркетынгу і камунікацыям, адказваў за інтэрнэт-праекты ў "СБ. Беларусь сегодня".