Спектакль "Кавалеры": Пра тое, як жывая музыка знікае на карысць спецэфектаў

6 і 7 снежня ў канцэртнай зале імя Ларысы Александроўскай адбудзецца прэм'ерны паказ спектакля "Кавалеры". Рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля выступіла балетмайстар Вольга Костэль.

"Асноўная тэма спектакля — гэта знікненне жывога выканання музыкі ў нашы дні, — кажа Вольга. — Яна праходзіць праз спектакль чырвонай ніткай. Таму што глядач прагне спецэфектаў, а музыка і спецэфекты — гэта ўсё ж розныя рэчы. І спектакль — гэта іранічнае разважанне на гэтую тэму".

Вольга Костэль

Да ідэі спектакля Вольгу падштурхнулі салісты аркестра Вялікага тэатра оперы і балета, якія апроч сядзення ў яме, захацелі развівацца ў іншым ключы. У выніку з'явіўся брас-квінтэт А.М.А.D.I.S. BRASS, музыкі якога ў спектаклі "Кавалеры" граюць саміх сябе. А яшчэ граюць стары джаз 20-30-х гадоў, творы Глена Мілера, Элы Фіцжэральд, Білі Холідэй.

"Гэта такі ф'южн ці сінтэз розных тэатраў: музычнага, драматычнага і класічнага, — працягвае Вольга. — Але тут усё ж гаворка ідзе пра сучасны драматычны тэатр. У ім ёсць шмат пластычнай мовы, але гэта не танцы ў агульнапрынятым разуменні, то бок, калі гучыць музыка, то выкарыстоўваецца форма нейкіх рытмічных рухаў. Не. Гэта, хутчэй, псіхалагічны тэатр, дзе шмат пластыкі. Выконвае яе наша спявачка, яна ж артыстка балета і актрыса Наталля Акініна, і хлопцы".

Праз змяшэнне жанраў аўтары і ўдзельнікі пастаноўкі паспрабуюць знайсці новую форму стасункаў з публікай.

Пачатак спектакляў у 19:30.

Фота прадстаўленыя Вольгай Костэль

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі