Спецназ не дазволіў правесці ў Мінску акцыю супраць расізму

У Мінску спецназ сарваў акцыю, прысвечаную Еўрапейскаму тыдню барацьбы з расізмам. Пра гэта паведамляе сайт Беларускага Хельсінкскага камітэта.  Валанцёры БХК планавалі запусціць у неба ў раёне станцыи метро "Няміга" некалькі соцень рознакаляровых паветраных шарыкаў — гэта сімвалізавала б права чалавека любой расы на павагу і годнае жыццё. Пра акцыю загадзя быў пісьмова апавешчаны начальнік РУЎС Цэнтральнага раёна Мінску.

Аднак у прызначаны час маладых людзей ужо чакалі супрацоўнікі спецназу. Параіўшыся з начальствам па рацыі, яны папрасілі згарнуць дзейства, прыстрашыўшы магчымымі наступствамі.

Маладыя людзі паспрабавалі зладзіць акцыю праз некалькі гадзінаў. Аднак на падыходзе да "Нямігі" валанцёраў зноў спынілі супрацоўнікі спецназу. Без складання пратаколу яны канфіскавалі асабістыя рэчы аднаго з валанцёраў, адну з дзяўчат пхнуў і абразіў неназваны капітан спецназу. Здымкі падзеяў рабіў чалавек у цывільным.

У выніку шарыкі і інфармацыйныя буклеты былі раздадзеныя вучням бліжэйшай школы. Праваабаронцы маюць намер абскардзіць дзеянні праваахоўнікаў у пракуратуры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі