Вы тут

“Спадзяёмся, нічога не прарве”: Ціханоўская не адмяняе мінскі мітынг 6 жніўня

Мітынг Ціханоўскай / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

Кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская не адмаўляцца ад правядзення агітацыйнага мітынгу ў Мінску. Ён па-ранейшаму запланаваны на чацвер, 6 жніўня, месца — парк Дружбы народаў.

“Я не ведаю, ці ёсць там каналізацыя недзе пасярод гэтага парку, але хацелася б, каб яе не прарвала акурат заўтра ўвечары”, — іранізуе юрыст Максім Знак у жывым эфіры Еўрарадыё. Напярэдадні, 4 жніўня, дзве сустрэчы Ціханоўскай з выбаршчыкамі і некалькі мітынгаў яе прыхільнікаў сарваліся праз тое, што камунальнікі пачалі вулічныя рамонты ў месцах іх правядзення.

Юрыст Максім Знак / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

14 ліпеня, у дзень сваёй рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, Ціханоўская паведаміла гарадскім уладам, што 6 і 8 жніўня будзе праводзіць у парку Дружбы народаў свае агітацыйныя мітынгі. Аднак 3 жніўня стала вядома, што адміністрацыя Савецкага раёна збіраецца праводзіць там у гэты ж дзень мерапрыемствы, прысвечаныя Дню чыгуначных войскаў. На свяце выступіць Аляксандр Саладуха

Максім Знак кажа, што такія несастыкоўкі ўжо ператварыліся ў тэндэнцыю.

“Агулам у Беларусі менш за 150 месцаў, дзе можна збірацца, — нагадвае ён. — Тое, што ў адзін дзень па ўсіх пачаліся траблы з каналізацыяй ці з чым яшчэ, гэта вельмі непакоіць. Што адбываецца ў краіне ўвогуле, калі такое адбываецца пры такой малой колькасці месцаў?”

 

Юрыст звяртае ўвагу на тое, што іншыя кандыдаты таксама сустрэліся з падобнымі перашкодамі. З нейкіх прычын не адбыліся нават тыя сустрэчы, дзе не было нікога з кандыдатаў, на якія выбаршчыкі маюць права.

“Таму ёсць нейкі кагнітыўны дысананс, — кажа Знак. — Мы бачым, што дзейны кіраўнік дзяржавы і ў пятніцу, і ўчора сцвярджае, маўляў, калі ласка, рабіце што хочаце, прамаўляйце, мы нічога супраць не маем. “Забяспечце магчымасць да выбараў крычаць”. І адначасова мы бачым, як знянацку па ўсіх мясцовых уладах нібыта вірус распаўсюджваюцца вось гэтыя аварыі і немагчымасць правядзення мерапрыемстваў. Мы спадзяёмся, што гэтая праблема вырашыцца і літаральна заўтра ўсё будзе добра ў краіне, не будзе прарываць”.

Як стала вядома Еўрарадыё, 6 жніўня гарадскія ўлады занялі сваімі мерапрыемствамі не толькі парк Дружбы народаў, а ўсе шесць пляцовак, вылучаных у Мінску для агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.