Сода з акупаванага Крыма: хто яе ўвозіць у Беларусь і ці законна?

Сода з акупаванага Крыма: хто яе ўвозіць у Беларусь і ці законна?

Харчовая сода вытворчасці “Крымскага содавага завода” з’явілася на паліцах гандлёвых сетак “Еўраопт” і Bigzz. Украінскі ўрад неаднаразова заяўляў, што супраць кампаній, якія супрацоўнічаюць з крымскімі прадпрыемствамі, будуць уводзіцца эканамічныя санкцыі. Неглядзячы на папярэджанне, напрыклад, харчовую соду і віно “Масандра” крымскай вытворчасці можна купіць у беларускіх крамах.

Еўрарадыё разбіраецца, хто ўвозіць соду з акупаванага Крыма ў Беларусь і ці не з’яўляецца гэта парушэннем закона, паколькі Беларусь афіцыйна не прызнала Крым расійскім.

Сода з акупаванага Крыма: хто яе ўвозіць у Беларусь і ці законна?
Даных пастаўшчыка ў Беларусь няма

На пачку соды няма даных, хто пастаўляе тавар у Беларусь. Тэлефануем на завод у Крым. Там пацвярджаюць, што супрацоўнічаюць з беларускім бокам, але з якой менавіта фірмай, не кажуць.

“Мы пастаўляем не толькі харчовую соду ў Беларусь, — распавядае Еўрарадыё вядучы спецыяліст па знешне эканамічных сувязях “Крымскага содавага завода” Венера Заварзіна. — Пастаўляем таксама кальцыніраваную, якую выкарыстоўваюць у вытворчасці шкла. Супрацоўніцтва ідзе яшчэ з савецкіх часоў. Я не магу назваць нашых партнёраў, бо гэта камерцыйная таямніца. Але вы можаце гэта вызначыць па сваіх вытворцах шкла”.

На прадпрыемстве “Гомельшкло” Еўрарадыё адказваюць, што соду для сваёй вытворчасці закупляюць у Башкартастане. Намеснік генеральнага дырэктара па забеспячэнні вытворчасці Гродзенскага шклозавода Аляксандр Лянцэвіч распавядае, што кальцыніраваную соду прывозяць не з Крыма.

“З Крымскім содавым заводам працавалі да гэтых усіх падзей [да акупацыі Крыма расійскімі войскамі. — Еўрарадыё], — кажа намеснік дырэктара. — Пяць гадоў таму мы працавалі. Цяпер лагістыка не вельмі добрая. Як даставіць соду з Крыма ў Гродна?!”

На Барысаўскім крыштальным заводзе кажуць, што таксама супрацоўнічалі з “Крымскім содавым заводам” у горадзе Красныперакоп. Але ўжо больш за год беларускае прадпрыемства знаходзіцца на прастоі, таму пастаўкі соды з Крыма прыпыненыя.

З Крымам сёння працуе шклозавод “Нёман”

“Мы працуем з Крымам, — распавяла намесніца дырэктара па рэалізацыі шклозавода “Нёман” Дыяна Тарашкевіч. — Працуем, але не так, як бы хацелася. Мы пастаўляем туды нашу шклопрадукцыю”.  

Работнікі мінскіх супермаркетаў, да якіх звярталася Еўрарадыё, не змаглі адказаць, хто пастаўляе харчовую соду з Крыма ў Беларусь. Але у наваполацкім “Еўраопце” пра гэта атрымалася даведацца.

— Навошта вам? — пытаюцца там. — У нас з Расіяй гандлёвыя сувязі.

— З Расіяй, але не з Крымам.

— А Крым гэта не Расія?

— Афіцыйна Беларусь не прызнала Крым часткай
расійскай тэрыторыі.

— Усё зразумела. Зараз будзем шукаць дакументы.

МАРТ: пастаўшчык павінен быць указаны на ўпакоўцы

У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю Еўрарадыё патлумачылі, што пастаўшчык абавязаны своечасова прадстаўляць спажыўцу неабходную і дакладную інфармацыю аб прапанаваных таварах.

“Інфармацыя аб тавары, якую даводзяць да спажыўца, павінна змяшчаць звесткі аб назве арганізацыі, што ажыццяўляе дзейнасць па ўвозе тавару на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь для яго наступнай рэалізацыі”, — паведамляецца ў афіцыйным адказе.

“У вас пытанне, на якое вы хочаце палітычны адказ”

Як даведалася Еўрарадыё, пастаўшчыком харчовай соды ў буйныя гіпермаркеты краіны апынулася “СМТБ ГРУПП”. Пра арганізацыю вядома не шмат: зарэгістраваная ў падатковай інспекцыі ў ліпені 2016 года. І ўсё.

Тэлефануем туды, каб даведацца, ці сапраўды арганізацыя пастаўляе соду з Крыма і ці ведаюць пра магчымыя санкцыі з боку Украіны.

“З’яўляемся пастаўшчыком, — адказваюць там. — У вас пытанне, на якое вы хочаце палітычны адказ, накіроўвайце афіцыйны запыт”.

— Якая тут палітыка?

— Гэта не палітыка, што Беларусь Крым не прызнала? Уся дзяржава прымае плацяжы, а вы мне такое пытанне задаяце.

У Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі, куды звярнулася Еўрарадыё, за адведзеныя законам 15 дзён не адказалі, якія гандлёвыя адносіны ў нашай краіны з непрызнанай тэрыторыяй. Мытнікам спатрэбіўся дадатковы час на падрыхтоўку афіцыйнага адказу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі