СМІ: Віцэ-прэм’ер Качанава будуе катэдж у “Драздах-2”
Віцэ-прэм’ер Наталля Качанава распачынае будаўніцтва катэджу ў элітным пасёлку “Дразды-2”. Па звестках “Нашай Нівы”, суседам чыноўніцы будзе банкір Аляксандр Ракавец. Праз дарогу дабудоўваецца спявак Анатоль Ярмоленка.
Качанавай далі ўчастак каля 15 сотак месяц таму, рашэннем Мінгарвыканкама №3058 ад 13 кастрычніка 2016 года.
Зямля пад будаўніцтва катэджаў у Мінску размяркоўваецца наступным чынам: спачатку яе мусяць прапанаваць шматдзетным сем’ям з чаргі, а калі ахвотных няма, участак выстаўляецца на аўкцыён.
Ні ў якім прававым акце не сказана, што віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, якая прыехала ў Мінск менш за два гады таму, мае першаснае права на будаўніцтва ў сталіцы.
Ад 1999 года ў Беларусі існуе спецыяльны службовы жыллёвы фонд. Быў складзены спіс чыноўнікаў, якім выдзяляюцца кватэры ці дамы на час працы на пэўнай пасадзе. Качанава разам з сям’ёй жыла ў такім катэджы ў Наваполацку, калі працавала старшынёй гарвыканкама. Пасля ад’езду ў Мінск дом трэба было вызваліць.
Пры гэтым катэдж у “Драздах-2” застанецца з Качанавымі назаўсёды: зямля выдзялялася ў пажыццёвае спадчыннае валоданне.
Сям’я Качанавых — гэта сама віцэ-прэм’ер і яе муж Леанід. Да пераезду ў сталіцу ён працаваў фізруком у Полацкім гандлёватэхналагічным каледжы. Абедзве дачкі выйшлі замуж, старэйшая гадуе дзіця.
Ва ўласнасці Наталлі Качанавай застаецца бацькоўская двухпакаёўка ў цэнтры Полацка.
Падчас крызісу ў Беларусі абваліліся цэны на нерухомасць. Цяпер за катэдж у Драздах складана атрымаць 1 мільён долараў. У аб'явах аб продажы дамоў найчасцей пазначаныя $750—800 тысяч у эквіваленце. Дом Качанавай будзе каштаваць як сярэдні заробак беларуса за 175 гадоў.