Вы тут

Слова на літару “ш”, ці як МУС ламае свой імідж аб цесляра Дашкевіча

Зміцер Дашкевіч / Еўрарадыё

У заходняй культуры, каб пазбягаць брудных словаў, прынята замяняць іх прыстойнымі выразамі. Напрыклад, замест “f*ck” можна сказаць “f-word” (слова на літару “ф”), а замест “sh*t” — “s-word” (слова на літару “с”). З 24 сакавіка 2019 года ў Беларусі, калі чалавек не хоча непрыемнасцяў, яму варта пазбягаць слова “шуняўкі”. Лепш казаць “слова на літару “ш”. І спадзявацца, што ніхто не пакрыўдзіцца.

Адразу (і абсалютна сур’ёзна) выбачаюся перад Міністэрствам унутраных справаў за тое, што ўжыў тут гэтае слова. Я не хацеў гэтым нікога пакрыўдзіць. Гэтая калонка ўвогуле не для таго, каб каго-небудзь пакрыўдзіць. Яна для таго, каб мы ўсе спакойна падумалі над сітуацыяй, якая склалася ў грамадстве. Але без таго слова ў першым абзацы чытачам было б незразумела, пра што ідзе гаворка, таму яно там і ёсць.

Мне давядзецца ўжыць слова на літару “ш” яшчэ раз — у цытаце з прамовы цесляра і хрысціяніна Змітра Дашкевіча на сёлетнім Дні Волі ў Мінску. Вось што ён сказаў:

“Гэта свята і для “шунявак”, і для “іхтамнетнікаў”, для ілжывай прапаганды і нават для самазванца. Бо каб не 25 Сакавіка і незалежнасць, дзе б яны зладзейнічалі? Таму давайце павіншуем іх”.

Неўзабаве пасля таго, як Дашкевіч сказаў гэтыя словы і спусціўся са сцэны, ён знік. Ні яго цяжарная жонка Наста, ні яго сябры — хрысціянскія дэмакраты, ні гледачы таго канцэрта ў Кіеўскім скверы не ведалі, дзе ён і што з ім. Зміцер знайшоўся толькі праз 6 гадзінаў — у ізалятары часовага ўтрымання.

Зміцер Дашкевіч прамаўляе / Еўрарадыё

Слова на літару “ш” утворанае ад прозвішча беларускага міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. Так называюць міліцыянтаў у цывільным, якія працуюць у Беларусі на пратэстных акцыях. “Ціхары” — вынаходніцтва даўняе, але слова на літару “ш” прыдумалі толькі падчас пратэстаў увесну 2017 года, пры цяперашнім кіраўніку МУС.

Слова на літару “ш” гучыць пагардліва. Яно крыўднае, і ўсе гэта ведаюць. Сказаць яго са сцэны пры вялікай колькасці міліцыянтаў — гэта значыць канкрэтна нарывацца. Гэта прыкладна як прыйсці ў Гарлем, дастаць мегафон, сказаць слова на літару “н” і чакаць, што будзе далей. Дарослымі людзьмі ў публічнай прасторы слова на літару “ш” амаль не ўжываецца. І з боку Дашкевіча сказаць яго было правакацыяй.

Што было далей? Давайце лепш падумаем, што было б далей, калі б Змітра Дашкевіча не затрымалі. Канцэрт працягваўся б без здарэнняў. Праз 10 хвілінаў усе б забылі, пра што канкрэтна казаў Дашкевіч. Засталося б агульнае ўражанне, што прамова была смелай. І яшчэ крыху сораму за тое, што амаль ніхто з прысутных не быў на месцы сталінскіх расстрэлаў у Курапатах. І ўсё.

Але міліцыя вырашыла рэагаваць, і Змітра Дашкевіча затрымалі. За што? Усе адразу ж прыгадалі цытату са словам на літару “ш”. Ужо праз 10 хвілінаў яна, прыгожа аформленая, гуляла па інтэрнэце.

Яшчэ праз 10 хвілінаў на Youtube залілі ролік з прамовай Змітра Дашкевіча. У яго ўжо 4 тысячы праглядаў.

Вось так гэта ў сучасным свеце працуе.

Далей. Пра затрыманне Змітра Дашкевіча пішуць буйныя СМІ. У гэтых навінах няма слова на літару “ш”. Але да прамовы цяпер прыцягнутая ўвага значна большай колькасці людзей, чым пабывала ў Кіеўскім скверы ўдзень 24 сакавіка. Яе пачынаюць абмяркоўваць на форумах і на кухнях.

Пад канец канцэрта палітык Віталь Рымашэўскі звяртаецца да міністра Ігара Шуневіча, “якога, магчыма, пакрыўдзілі словы Змітра Дашкевіча”, з просьбай адпусціць Змітра, каб ён змог вярнуцца да цяжарнай жонкі і дзяцей. Як выглядае ў гэты момант МУС? Несправядлівым разлучнікам. Як выглядае Дашкевіч? Героем-бацькам. Хто цяпер згадвае, што гэта палітык пачаў першым?

Самога Рымашэўскага падчас канцэрта таксама затрымлівала міліцыя, і гэта было вельмі непрыгожа:

а) Рымашэўскі ў той момант стрыміў у Facebook, усё трапіла на відэа;

б) затрыманне адбылося на вачах у маленькіх дзяцей.

Пра гэта таксама пішуць СМІ.

Увечары шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько ў “Фэйсбуку” называе Змітра Дашкевіча наймацнейшым апазіцыйным палітыкам.

Прадстаўнікі МУС часта заяўляюць, што супраць іх вядзецца інфармацыйная вайна. Слухайце, гэта ніякая не вайна. Мы, журналісты, проста фіксуем тое, што бачым. А 24 сакавіка мы ўбачылі, як ад аднаго слова аднаго сціплага чалавека ўстае на дыбкі агромнае і амаль усемагутнае міністэрства.

Хіба яно створанае для гэтага?

Маё стаўленне да беларускай міліцыі няпростае. І вашае было б няпростым, калі б аднойчы раніцай вас затрымалі без дай-прычыны і кінулі на 15 сутак у ізалятар. Але я добра ведаю, што ў міліцыі працуе шмат прафесіяналаў. Гэта яны патрулююць вуліцы. Гэта яны спыняюць, часам з небяспечнымі пагонямі, п’яных кіроўцаў. Гэта яны ловяць за руку хабарнікаў. Гэта яны шукаюць кіберзлачынцаў і наркадылераў.

І вось чаго я не магу зразумець: пры такой ролі ў грамадстве, пры такой значнасці, адкуль у людзях у форме бярэцца гэтая дробная помслівасць? Адкуль жаданне адрэагаваць на кожную аплявуху, на кожнае крыўднае слова? Вы — міліцыя. Вы змагаецеся са злом, вы дапамагаеце людзям. Ну, даў нейкі шкет плюху скульптуры гарадавога. Ну сказаў нехта слова на літару “ш”. Вы ж нашмат большыя за ўсё гэта, вы рэальна маглі б сабе дазволіць быць вышэй. Гэта толькі дадало б вам павагі!

Але замест гэтага вы ўвязваецеся ў высвятленне адносінаў. І вашая рэальная праца — тая, якая “на первый взгляд как будто не видна”, — застаецца ў цені нікому непатрэбных скандалаў. А Зміцер Дашкевіч на ноч застаецца за кратамі — далёка ад сваёй сям’і, але з адчуваннем уласнай праваты.