Следчы камітэт: Калі 7-гадовая школьніца танула, настаўніца сядзела ў джакузі

Следчы камітэт: Калі 7-гадовая школьніца танула, настаўніца сядзела ў джакузі

Упраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы пра гібель 7-гадовай дзяўчынкі ў аквапарку ў Кобрыне.

Нагадаем, трагічнае здарэнне адбылося сёлета 12 чэрвеня. Група з дваццаці школьнікаў Завершскай школы падчас экскурсіі ў Кобрын наведвала аквапарк. Там у басейне і патанула 7-гадовая школьніца.

Следства выявіла, што для догляду дзяцей да 12 гадоў за імі былі замацаваныя дзве настаўніцы — па адным дарослым на групу з 10 хлопчыкаў і дзяўчынак. Згодна з правіламі аквапарку асобы, якія суправаджаюць экскурсантаў, праходзілі ў асноўную залу ўстановы бясплатна. З настаўнікамі быў праведзены інструктаж. Таксама работнікі ўстановы звярнулі асаблівую ўвагу дарослых на тое, што трэба кантраляваць знаходжанне дзяцей.

Але ў аквапарку настаўніцы заняліся выключна сабой. Спярша яны прымалі водныя працэдуры пад гідрамасажорамі. Потым адна з іх — адказная за экскурсію — прайшла міма патанулай другакласніцы ў джакузі, а другая адправілася на атракцыён.

Па словах следчых, дзяўчынка прабыла пад вадой не менш за 12 хвілін, пакуль яе знайшлі дарослыя. У стане клінічнай смерці яе дастаў з вады наведвальнік аквапарку. Лекары змагаліся за жыццё дзяўчынкі, але 26 чэрвеня яна памерла.

На настаўніц пачалі крымінальную справу за неналежнае выкананне абавязкаў па арганізацы бяспекі жыцця і здароўя малалетняга. Дарэчы, настаўніцы, якія суправаджалі групу школьнікаў у басейн, мелі больш за 15 гадоў педагагічнага стажу. Адна з іх, між іншага, была класнай кіраўніцай загінулай школьніцы.

Матэрыялы крымінальнай справы накіраваныя ў суд для разгляду.

Фота: sk.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі