Вы тут

Следчы камітэт абвясціў Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака у міждзяржаўны вышук

Андрэй Стрыжак / Еўрарадыё

Упраўленне Следчага камітэта па Мінску працягвае расследаванне крымінальнай справы па масавых беспарадках, паведамляе прэс-служба ведамства (арт. 342 КК). 

Абвінавачанымі па гэтай справе праходзяць медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна. Раней паведамлялася, што іх вінавацяць у "фінансаванні пратэстаў" — так следчыя органы ацанілі тое, што Аляксандраў і Злобіна перадавалі пацярпелым грошы на аплату штрафаў і лячэнне.

Следчыя заяўляюць, што грошы "для далейшага іх выкарыстання ў злачыннай дзейнасці Аляксандрава і Злобінай" перадавалі Аляксей Лявончык і Андрэй Стрыжак. "З матэрыялаў крымінальнай справы вынікае, што падобная злачынная дзейнасць вышэйзгаданых асоб ажыццяўлялася на сістэмнай аснове", — дадаюць у СК.

Аляксей Лявончык — сузаснавальнік грамадзянскай ініцыятывы, якая фінансава дапамагае пацярпелым беларусам. Андрэй Стрыжак — сябра Каардынацыйнай рады, а таксама сузаснавальнік ініцыятывы. "Арганізацыя BYSOL займаецца фінансаваннем страйкамаў прадпрыемстваў, дэструктыўных дваровых супольнасцяў, так званых фондаў медыцынскай, спартыўнай і культурнай салідарнасці. Выяўлена, што аб'яднанні шчыльна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой", — падкрэсліваюць следчыя.

На Лявончыка і Стрыжака пачалі крымінальную справу паводле арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання).

Іх абвясцілі ў міждзяржаўны вышук.

Дарэчы, раней на Аляксея Лявончыка пачала крымінальную справу Генпракуратура — таксама за "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.