Вы тут

“Сказала, што зробіць, як усе”: дачка Ірэны Бярнацкай пра вываз маці ў Польшчу

Ірэна Бярнацкая / prisoners.spring96.org/

“Я ў яе пыталася: “Калі прапануюць, ты гатовая будзеш выехаць у Польшчу?” Яна адказала, што зробіць так, як усе, каб нікога не падставіць”, — расказвае Еўрарадыё Вераніка Піута, дачка палітзняволенай старшыні Лідскага аддзялення "Саюза палякаў Беларусі" Ірэны Бярнацкай

Вераніка Піута / фэйсбук

2 чэрвеня стала вядома, што затрыманых па “справе палякаў” Ірэну Бярнацкую, Марыну Цішкоўскую і Ганну Панішаву вывезлі з Беларусі ў Польшчу. Польскае МЗС заявіла, што гэта адбылося яшчэ 25 траўня, але сваякі затрыманых нічога не ведалі. 

“Калі прапануюць і будзе зусім невыносна — з’язджай”

“Мы даведаліся, як і ўсе, з сацсетак, — працягвае Вераніка. — Звязаліся з мінскім консулам, ён сказаў, што гэта падобна да праўды. Не разумею, навошта столькі часу ад нас хавалі гэту інфармацыю. 27 красавіка ў нас было спатканне з матуляй — дазволілі, але прасілі нікому не гаварыць. Тады я ёй сказала: “Калі прапануюць і будзе зусім невыносна — з’язджай, калі будзеш разумець, што вытрымаеш, — будзь да канца”. Канешне, турбуе тое, што яна не можа сюды вярнуцца”.  

Дзяўчына расказвае, што ў час сустрэчы Ірэна была ў гуморы, “гатовая да ўсяго”

“Я баялася, што ўсё будзе інакш, што мама будзе якой-небудзь недамытай, бруднай. Але не: адпачылая, светлая, чыстая. Маці казала, што стаўленне ў СІЗА-1 было вельмі добрае, што ёй дапамагаюць. Амаль усе дзяўчаты ў камеры былі палітычныя, нехта перадаваў навіны, што адбываецца ў краіне. А ў Жодзіне, куды яе этапавалі ўночы з 17 на 18 траўня, умовы і стаўленне аховы самой турмы былі жудасныя. Так разумею, што адтуль яе ў Польшчу і вывезлі”.

Следчыя адмянялі сустрэчы, да сваякоў вярталіся іх лісты і пасылкі

Апошні ліст ад Ірэны сваякі атрымалі 19 траўня. Нічога наконт магчымасці выехаць у Польшчу жанчына не пісала. З 29 траўня родным пачалі вяртацца іх лісты, а таксама ўсе пасылкі. Таксама вядома, што 26 траўня ў дачыненні да Ірэны павінны былі весціся следчыя дзеянні, але іх перанеслі на 1 чэрвеня. Вераніка кажа, што і гэту сустрэчу нібыта адмянілі:

“Я патэлефанавала следчаму, запыталася пра стан здароўя мамы. Ён адказаў, што ўсё добра, маўляў, “не накручвайце сябе”. Сказаў, як будзе нешта ведаць, паведаміць адвакату”.  

“Справа палякаў”

У сакавіку 2021 года Генпракуратура завяла крымінальную справу па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса супраць кіраўніцтва “Польскай школы” ў Брэсце і актывістаў незарэгістраванага “Саюза палякаў Беларусі”, абвінаваціўшы іх у “наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці”. Вядома, што раней ад выезду з Беларусі ў Польшчу адмовіліся зняволеныя старшыня “Саюза палякаў Беларусі” Анжаліка Борыс і журналіст Андрэй Пачобут. Пачобуту, паводле слоў сваякоў, пасля гэтага перасталі перадаваць лекі — у яго хворае сэрца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.