Скандальны верш на бюсце Пушкіна зацверджаны магілёўскімі чыноўнікамі

6 чэрвеня каля Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя А. С. Пушкіна ўрачыста адкрылі бюст расійскаму паэту. Гэтую скульптуру вобласці падарыў расійскі патрыятычны праект “Алея расійскай славы”. Усё было б добра: і паэт Пушкін вядомы ва ўсім свеце, і каледж яго імя, і эканомія гарадскому бюджэту, але ёсць адно “але”.

На калоне, якая трымае бюст, размешчаныя ўрыўкі з вершаў паэта. І калі да ўрыўку з “Я помню чудное мгновенье” пытанняў няма, то ўрывак з “Паклёпнікам Расіі” іх выклікае шмат. Вось што там размешчана:

…Иль нам с Европой спорить ново?

Иль русский от побед отвык?..

…Стальной щетиною сверкая,

Не встанет русская земля?..

Так высылайте ж к нам, витии,

Своих озлобленных сынов:

Есть место им в полях России,

Среди нечуждых им гробов…

Адзначым, што верш "Паклёпнікам Расіі" Пушкін напісаў з нагоды беларуска-польскага шляхецкага паўстання 1830-1831 года і перш за ўсё, як адказ на масавую кампанію ў Францыі за ваеннае ўмяшанне ў падтрымку Польшчы і Беларусі. У Парыжы хацелі аказаць дапамогу паўстанцам, якія на той час ужо былі акружаныя расійскімі войскамі ў Варшаве.

Пушкініст Аляксандр Фядута лічыць, што размяшчаць такі тэкст на помніку нетактоўна.

Аляксандр Фядута: “Гэта абсалютна нетактоўна — друкаваць на помніках урыўкі з палітычных тэкстаў.  Нават калі ён пісаў палітычныя вершы, то перш за ўсё гэта паэт. І друкаваць трэба тыя вершы, якія сапраўды сталі сімваламі. Дарэчы, на маю думку, яны вельмі добра разумелі, што робяць. Бо з іншага боку помніка знаходзіцца ўрывак з верша  “Я помню чудное мгновенье”. Ну, узялі б урыўкі з “Яўгенія Анегіна”, да прыкладу. Усё было б добра, і ніхто б нічога нават не заўважыў!”

Як увогуле помнік Пушкіну, вытворчасці "Алеі расійскай славы" з’явіўся ў Магілёве і ці ўзгаднялі ўлады тэксты на ім? Памочніца скульптара і кіраўніка расійскага праекта Міхаіла Сердзюкова кажа, што гэта яны звярнуліся да магілёўскіх уладаў з прапановай “выбраць любы бюст з нашага спісу, і яго ў Магілёве ўсталююць”. Магілёўскія чыноўнікі выбралі Пушкіна і... тое, што будзе напісана на калоне!

“Таблічкі — так, абгаворваюцца. Мы ім накіроўвалі (тэкст на ўзгадненне — Еўрарадыё), яны сказалі: “Зацверджана, стаўце!” У нас стандартныя таблічкі з гэтымі словамі, мы іх ставім. А чаму яны зацвердзілі?.. Магчыма, часу не было на зацверджанне, я не ведаю! Я ім адпраўляла, яны сказалі: “Так, рабіце іх”, — кажа памочніца расійскага скульптара.

Цікава, а ці ставілі ў якіх іншых краінах бюст Пушкіна з менавіта гэтымі словамі — пра “паклёпнікаў Расіі”?

“Больш не ставілі нідзе Пушкіна — мы толькі па Расіі ставім яго. Магчыма, таблічка і была такая, што ўнутры нас… І таму да яе ніколі ніякіх пытанняў не было. Ну, прапануйце ўладам замяніць яе! Тут ніякіх палітычных няма, скажам так… Мы проста вас не лічым асобнай дзяржавай асабліва… Так што гэта… Мы вас за сваіх лічым!” — адказвае супрацоўніца “Алеі расійскай славы”.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай працы па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама Кацярына Паліцук расказвае Еўрарадыё, што выбару ўрыўкаў з пушкінскіх вершаў, якія прапаноўваецца размясціць на помніку, у іх на самай справе не было. Сайт “Алеі” прапануе таблічкі толькі з “цудоўнымі імгненнямі” і “паклёпнікамі Расіі”. Але тое, што ўзгадненне гэтых тэкстаў у выканкаме было, пацвярджае.

Кацярына Паліцук: “Канечне, гэта выходзілі на ўзровень старшыні. Спачатку намесніку старшыні даклалі інфармацыю: што ёсць такая прапанова з Расіі, давайце паставім бюст. Потым гэта ўздымалі на ўзровень старшыні гарвыканкама, абмяркоўвалі пытанні самога бюста: што ён вось такі будзе, такога выгляду — даюць “дабро” ці не даюць. Але па таблічцы, па вершах гэта было ўзгадненне менавіта намесніка старшыні: яны ўжо вырашалі непасрэдна на высокім узроўні”.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, калі грамадскасць выкажа незадаволенасць размешчаным на помніку ўрыўкам з “патрыятычнай оды”, то таблічку заменяць. І, маўляў, для гэтага не трэба “подпісы, 25 лістоў і невядома што яшчэ — дастаткова, каб пра незадаволенасць грамадства ведаў намеснік старшыні”. Вось толькі Аляксандр Фядута як былы чыноўнік упэўнены: мяняць трэба не толькі “таблічку”.

Аляксандр Фядута: “Чалавек, які даў згоду на тое, каб помнік быў менавіта з такім тэкстам, павінен сысці ў адстаўку, калі ён адказвае за ідэалогію. Разумееце, даць згоду на тое, каб менавіта такі тэкст быў на помніку Пушкіну ў Магілёве, азначае прадэманстраваць, што Магілёў — частка “расійскага свету”. Што сёння ніяк не супадае з пазіцыяй беларускай дзяржавы”.

А калі неабходнасць сыходу ў адстаўку не разумее сам чыноўнік, то адправіць яго туды павінная дзяржава, кажа Фядута. Але калі тое, урыўкі з якіх вершаў будуць размешчаныя на помніку, узгаднялася на самым высокім узроўні выканкама, то Магілёў рызыкуе застацца цалкам без кіраўніцтва выканаўчай улады…

Фота: Еўрарадыё