Вы тут

Скандальнае графіці ў Слоніме зрабілі двухмоўным — як і прасілі “рускамірцы”

Газета Слонімская

У Слоніме ўночы перамалявалі скандальнае графіці да Дня беларускага пісьменства. Надпіс на рускай мове: “Слоним. Театр М. К. Огинского” — памянялі на беларускамоўны, але ўнізе дадалі пераклад на рускую мову.

“Надпісы нанесеныя на дзвюх дзяржаўных мовах, — распавядае Еўрарадыё кіраўніца ідэалагічнага аддзела Слонімскага райвыканкама Наталля Юнчыц. — Ад нашых грамадзян былі звароты: адны па-беларуску, другія па-руску. Некаторыя пыталіся, чаму не напісаць на дзвюх дзяржаўных мовах, каб усіх усё задавальняла”.

Дзень беларускага пісьменства будуць адзначаць у Слоніме ў верасні. Да свята ў горадзе зрабілі графіці з выявай тэатра, які ў XVIII стагоддзі заснаваў магнат Міхал Казімір Агінскі. Мурал суправаджаўся надпісам на рускай мове, што абурыла мясцовых жыхароў. Маўляў, горад і так русіфікаваны дашчэнту, хаця б Дзень беларускага пісьменства мог бы абысціся без рускай мовы.

twitter.com/hasid

Петыцыя за замену надпісу на беларускамоўны вельмі хутка набрала амаль 800 подпісаў. Аднак у выканкаме рэагаваць не спяшаліся. Там Еўрарадыё распавялі, што паралельна паступіла шмат просьбаў пакінуць усё так, як ёсць.

Зрабіць надпісы на дзвюх мовах патрабаваў, сярод іншых, старшыня прарасійскага руху “Гражданское согласие” Арцём Агафонаў. У артыкуле “Белоруссия: Власти идут на новые уступки нацикам” ён напісаў наступнае:

"Цяпер шэраг рускіх і прарасійскіх арганізацый і актывістаў таксама пішуць звароты ў Слонімскі выканкам з просьбай не паддавацца на ціск нацыяналістаў і зрабіць двухмоўны, руска-беларускі надпіс. Гэта было б знакам павагі і да рускамоўнай большасці, і да беларускамоўнай меншасці і правільным адказам на спробы нацыяналістаў раскалоць грамадства.

Ці прыслухаюцца да іх голасу чыноўнікі? Досвед апошніх гадоў прымушае ў гэтым усумніцца".

Атрымліваецца, мясцовыя ўлады занялі пазіцыю тых, хто выступае за “рускі мір”?

“Не. Я з вамі не пагаджуся, — пярэчыць Еўрарадыё Наталля Юнчыц. — Што значыць “Занялі пазіцыю”? Згодна з заканадаўствам у нас дзве дзяржаўныя мовы. Рашэнне прынятае і выкананае”. 

Гэты двухмоўны варыянт — канчатковы выгляд мурала, распавялі Еўрарадыё ў райвыканкаме.