СК: Па справе дзвюх наркатычных інтэрнэт-крамаў — 37 абвінавачаных

СК: Па справе дзвюх наркатычных інтэрнэт-крамаў — 37 абвінавачаных

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы па дзейнасці дзвюх буйных інтэрнэт-крамаў, якія займаліся продажам забароненых рэчываў, паведамляе прэс-служба ведамства.

Следства выявіла, што больш за 30 чалавек займаліся продажам наркотыкаў праз дзве буйныя інтэрнэт-пляцоўкі ў 2016-2017 гадах. Кіраўніцтва крамы, якое дзейнічала дыстанцыйна, размеркавала ролі паміж абвінавачанымі. Нехта дзяліў буйныя партый наркотыкаў і размяркоўваў іх паміж іншымі ўдзельнікамі; хтосьці збываў наркотыкі і псіхатропы спажыўцам, робячы "закладкі"; нехта займаўся прыцягненнем новых пакупнікоў, збытам пробных порцыяў і кантролем за водгукамі аб іх выкарыстанні.

Крамы перыядычна абвяшчалі скідкі і акцыі на сваю прадукцыю, размяшчалі абвесткі аб працаўладкаванні, абяцаючы высокія заробкі і бяспеку дзейнасці. Для супрацоўнікаў праводзілі інструктаж па выкарыстанні неабходных сродкаў і праграмнага забеспячэння для захавання ананімнасці. Праўда, гэта не перашкодзіла міліцыянтам выявіць шэраг "закладчыкаў".

Праваахоўнікі спынілі дзейнасць адной з крамаў — "White&Fluffy". Следчыя выявілі кіраўнікоў абедзвюх гандлёвых пляцовак, іх шукаюць. 

Таксама праваахоўнікі паведамляюць, што спынілі буйныя каналы пастаўкі наркотыкаў з Расіі ды Украіны. Сярод абвінавачаных ёсць 36-гадовы расійскі кур'ер, які перавозіў буйныя партыі наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусь для абедзвюх крамаў. Украінскія праваахоўнікі на запыт беларускіх калег затрымалі пастаўшчыка, які неаднаразова перавозіў забароненыя рэчывы з Украіны ў Беларусь. 

Абвінавачанымі па справе праходзяць 37 чалавек. Сярод іх толькі адна жанчына, астатнія — мужчыны ва ўзросце ад 18 да 46 гадоў. Восем фігурантаў маюць вышэйшую адукацыю, 15 — мелі законныя крыніцы даходу і пастаяннае месца працы альбо займаліся прадпрымальніцкай дзейнасцю. 11 чалавек раней былі судзімыя, у тым ліку за незаконныя дзеянні з наркотыкамі.

Падчас расследавання былі праведзеныя ператрусы, вочныя стаўкі, больш за 300 допытаў. З тайнікоў у розных месцах на тэрыторыі Беларусі праваахоўнікі забралі больш за сем кілаграмаў наркотыкаў і псіхатропаў. Следства наклала арышт на маёмасць, у тым ліку набытую на сродкі, заробленыя злачынным шляхам, (аўтамабілі, камп'ютарная тэхніка) на агульную суму больш за 117 тысяч рублёў.

33 фігуранты знаходзяцца пад вартай. 

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

СК: Па справе дзвюх наркатычных інтэрнэт-крамаў — 37 абвінавачаных
Фота: sk.gov.by
СК: Па справе дзвюх наркатычных інтэрнэт-крамаў — 37 абвінавачаных
Фота: sk.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі