Вы тут

Сівак: прычыны праблем з вадой у Мінску пакуль высветліць не ўдалося

Чарга па ваду. Мінск, Паўднёвы захад, 25 чэрвеня / Еўрарадыё

Прычыны праблем з вадой у Мінску пакуль высветліць не ўдалося. Пра гэта ўвечары 25 чэрвеня заявіў старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак. Ён кажа, што адна з версій — наступствы замены ўчастка вадаправода ад вадасховішча "Крылова" да ачышчальнай станцыі. Пасля гэтых працаў, магчыма, не былі выкананы неабходныя тэхнічныя рэгламенты.

Па словах Сівака, у зону сістэмы водазабеспячэння, у якой ўзніклі праблемы, трапіла 2569 дамоў. Гэта больш, чым у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах, дзе дамоў больш за 2200. А значыць, калі раней без пітной вады былі амаль 800 тысяч чалавек, то цяпер ужо гэтая лічба блізкая да 900 тысяч. Старшыня Мінгарвыканкама кажа, што з 96% дамоў завершаныя працы па прамыўцы вадаправодаў (засталіся 108 дамоў, дзве паліклінікі, адзін радзільны дом і менш дзесяці дзіцячых садоў). Эпідэміёлагі ў сотні кропак робяць аналіз вады. Калі вынікі будуць станоўчыя, то абмежаванні па выкарыстанні вады як пітной будуць знятыя.

На тэлеканале "Беларусь 1" паведамілі, што для высвятлення прычын здарэння прыцягнуты навукоўцы Акадэміі навук Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.