Вы тут

Сілавікі павезлі ў невядомым кірунку выкладчыцу БДУІР

Вольга Філатчанкава / "Фэйсбук"

12 лістапада сілавікі забралі з дому выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву і павезлі ў невядомым кірунку. Падчас прэзідэнцкіх выбараў яна была незалежным назіральнікам, пазней — брала ўдзел у стачцы.

"Сёння раніцай у кватэру да Вольгі ламаліся невядомыя ў цывільным, — расказвае Еўрарадыё кандыдат тэхнічных навук дацэнт кафедры ЭВС БДУІР Дзмітрый Самаль. — Каля 10:40 яна патэлефанавала і сказала мне пра гэта. Потым на званкі не адказвала. Разам з адвакатам мы прыехалі да яе кватэры. Адваката не пусцілі ўнутр, матывуючы тым, "што зараз трэба будзе перарабляць пратакол". Некалькі гадзін у кватэры праходзіў ператрус".

Каля 14:20 невядомыя ў цывільным павезлі Вольгу ў невядомым кірунку. Калегі перажываюць, але лічаць, што фармальна яе не затрымалі, а павезлі на гутарку, "інакш адвакат была б з ёй".

У тэлеграм-чаце "Мирный БГУИР" паведамляюць, што Філатчанкаву павезлі ў КДБ. Пацвердзіць або зняпраўдзіць гэту інфармацыю Еўрарадыё пакуль не ўдалося.

Раней у тэлеграм-каналах паведамлялася, што выкладчыцу затрымалі ў ЖК "Каскад". У чацвер раніцай туды таксама прыехалі сілавікі і сталі абшукваць кватэры мясцовых актывістаў. Дзмітрый Самаль абверг гэтыя чуткі. Вольга жыве на вуліцы Андрэеўскай, недалёка ад МДЛУ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.