Шуневіч выказаўся пра сітуацыю з ЛГБТ-супольнасцю ў Беларусі

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч выказаўся пра сітуацыю з ЛГБТ-супольнасцю ў Беларусі. 7 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў журналісты партала tut.by папрасілі патлумачыць заяву МУС наконт вывешвання на брытанскай амбасадзе ў Мінску вясёлкавага сцягу. У ёй былі такія словы: "Мы — за сапраўднае, яны не пройдуць!". Сёння ж Шуневіч пацвердзіў: "Нікуды не пройдуць!".

"Міністэрства ўнутраных спраў ахоўвае грамадскі парадак і маральнасць у нашай краіне, — нагадаў міністр. — ...Усе разумеюць, пра што ідзе гаворка... Скажу так: меркаванне прыватнае, не міністра ўнутраных спраў, а грамадзяніна Беларусі. Гэта была пэўная праверка нашай грамадзянскай супольнасці на сталасць. Наша грамадзянская супольнасць не зусім прайшла гэтую праверку".

Ігар Шуневіч абураны, што ніводная грамадская ці рэлігійная арганізацыя не адрэагавала, не запатрабавала зняць вясёлкавы сцяг з будынка амбасады. І тады выступіла МУС. "Пазіцыя Міністэрства ўнутраных спраў прапісаная выразна, там напісана літаральна: і не больш, і не менш, — кажа міністр. — Вельмі дыпламатычна, карэктна, без грубіянстваў, але ў той жа час адказна, па-дзяржаўнаму".

Шуневіч перакананы, што ў нашай краіне няма дыскрымінацыі.