МУС адказала на петыцыю супраць гамафобнай заявы
І паведаміла, што словы міністра Шуневіча, які асудзіў "прапаганду непрымальнага нам ладу жыцця", — афіцыйная пазіцыя МУС.
Міністэрства ўнутраных спраў адказала на петыцыю, якую падалі грамадзяне Беларусі, абураныя гамафобнай заявай на сайце МУС.
Як вядома, 20 траўня на сайце МУС з'явўся артыкул, у якім асуджалася вывешванне вясёлкавага сцяга ЛГБТ на амбасадзе Вялікабрытаніі. Сцяг быў вывешаны ў Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй.
Пасля афіцыйнай заявы выйшла таксама інтэрв'ю з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, які заявіў, што вывешванне сцяга на брытанскай амбасадзе з'яўляецца ўнутранай справай Беларусі. Ён асудзіў гэтую акцыю як прапаганду "таго ладу жыцця, які нам непрымальны".
У петыцыі на сайце petitions.by, якую падпісалі 1830 чалавек, прасілі праверыць законнасць выказванняў на сайце МУС. Падпісанты нагадвалі, што міліцыя абавязаная ахоўваць усіх грамадзян — незалежна ад іх грамадзянства, полу, узросту і г.д.
У адказе за подпісам начальніка ўпраўлення Г.Еўчара пацвярджаецца, што згодна з законам міліцыя абараня ад супрацьпраўных замахаў усіх грамадзян.
Разам з тым у адказе гаворыцца: "Пазіцыя ведамства па пытаннях, якія вас цікавяць, адлюстраваная ў інтэрв'ю міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанта міліцыі Шуневіча І.А.". Гаворка ідзе пра тое самае інтэрв'ю, у якім міністр заяўляе пра слушнасць гамафобнай заявы.