Вы тут

Штогод 5 тысяч беларусаў не могуць пацвердзіць крыніцы буйных даходаў

Фота: otyrar.kz

Штогод падатковыя органы Беларусі аналізуюць даходы і выдаткі 20-25 тысяч фізічных асоб, якія ажыццяўлялі буйныя траты. Па словах начальніка ўпраўлення падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб МПЗ Андрэя Кавалеўскага, 5 тысяч з іх не могуць пацвердзіць свае крыніцы даходу.

"У Беларусі дзейнічае закон аб дэклараванні даходаў і маёмасці фізічных асоб, — цытуе словы чыноўніка БЕЛТА. — Згодна з ім падатковыя органы могуць кантраляваць адпаведнасць даходаў і выдаткаў грамадзян. Падатковыя органы штогод аналізуюць даходы і выдаткі 20-25 тысяч фізічных асоб, якія купілі нерухомасць, дарагія аўто, ажыццявілі  іншыя буйныя траты".

Згодна з дзейным заканадаўствам, калі выдаткі фізічных асоб перавышаюць даходы, падатковы орган мае права патрабаваць дэкларацыю аб даходах і маёмасці і супаставіць выдаткі з атрыманымі даходамі.

"Калі фізічная асоба не зможа пацвердзіць крыніцы сваіх даходаў, сума перавышэння выдаткаў над даходамі абкладаецца падаходным падаткам па павышанай стаўцы ў памеры 16%, — тлумачыць прадстаўнік МПЗ. — Штогод у 5-7 тысяч грамадзян патрабуюць дэкларацыі. Каля 5 тысяч не могуць афіцыйна пацвердзіць крыніцы даходу і даплачваюць падатак".

Чыноўнік нагадвае, што адміністрацыйная адказнасць не прадугледжаная толькі ў выпадку нявыплаты прад'яўленага падатку ва ўстаноўленыя тэрміны (30 дзён пасля атрымання паведамлення з падатковай).