Вы тут

Што вядома пра выхадцаў з Беларусі, якія сталі агентамі КДБ у Латвіі

Савецкі плакат

У адпаведнасці з рашэннем латвійскага Сейма ў Нацыянальным архіве апублікавалі картатэку агентаў КДБ. Больш за 10 тысяч адсканаваных картак. Гэта не толькі дадзеныя пра агентаў, але і пра асоб, якіх разглядалі патэнцыйнымі кандыдатамі для вярбоўкі. Еўрарадыё выявіла карткі больш за сто выхадцаў з Беларусі.

1. У асноўным яны працавалі ў суднаходнай або чыгуначнай галіне

Так сярод завербаваных ёсць матросы, курсанты рыжскага мараходнага вучылішча, электрыкі, якія працавалі на флот, розныя чыгуначныя рабочыя, кранаўшчыкі і многія іншыя. Латвія ў тыя часы была гэткім "усесаюзным" портам. Акрамя таго, у савецкі час там працавалі рыбалавецкія флаты. Зразумела, што ўсё гэта патрабавала немалой колькасці спецыялістаў. Балтыйскія рэспублікі па ўзроўні жыцця лічыліся вышэй за Усходне-Еўрапейскія савецкія рэспублікі. Таму апынуцца ў той жа Рызе агулам хацелі многія.

2. Ці ёсць сярод іх вядомыя людзі?

Сярод завербаваных аказаўся ўжо былы кіраўнік Lukoil Baltija Хаім Коган. Ураджэнец Бабруйска, ён пераехаў у Латвію з бацькамі ў 1947 годзе. Быў завербаваны ў 1972 годзе, яму прысвоілі псеўданім "Яфімаў". З 1995 года Коган працаваў у кіраўніцтве Lukoil. Ён памёр у 2011 годзе, на той час займаў пасаду намесніка старшыні савета кампаніі.

У апублікаваных картках агентаў латвійскага КДБ таксама знайшлася картка беларуса Браніслава Юрэвіча, 1913 года нараджэння. Ён быў завербаваны савецкай выведкай у жніўні 1944 года і перапраўлены ў Германію. З карткі вядома, што ён меў псеўданім "Альфа".

Знайшлася картка цяперашняга мітрапаліта Рыжскага, кіраўніка Праваслаўнай Царквы ў Латвіі Аляксандра (Аляксандра Кудрашова). У ёй напісана, што яго завербавалі ў 1982 годзе пад псеўданімам "Чытач". А ў пачатку 1990-х мітрапаліт спрыяў свайму былому куратару з КДБ у бізнесе. Ён хоць і не беларус, але таксама асоба вядомая.

3. Пасля беларусаў, больш за ўсё з'язджала яўрэяў і палякаў

І тут нічога дзіўнага. Нягледзячы на дэпартацыю палякаў і правядзенне Ізраілем палітыкі рэпатрыяцыі, прадстаўнікі абедзвюх нацый дагэтуль уваходзяць у топ-5 па колькасці ў Беларусі — пасля беларусаў і рускіх.

4. З якога часу і як шмат было завербавана выхадцаў з Беларусі?

Па наяўных картках агентаў можна сказаць, што першыя вярбоўкі беларусаў у Латвіі пачаліся з моманту яе захопу савецкай арміяй і працягваліся аж да развалу СССР. Апошнія вярбоўкі, па апублікаваных картках, былі праведзеныя ў снежні 1990 года, ужо на парозе незалежнасці.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" за 21.12