Што ў Беларусі зрабілі для хакея за чатыры гады

Дзяржаўная праграма развіцця хакея з шайбай у 2011-2014 гадах амаль завершаная. Прынамсі – па часе. Журналіст сайта tribuna.com і спецыяліст у галіне хакея Вадзім Кнырко кажа, што яна мела ў сабе шмат важнага:

“Рэалізацыя гэтага дакумента – вельмі важная рэч. У першую чаргу таму, што яна прадугледжвае адразу ў некалькіх пунктах развіццё дзіцячага хакея. Гэта накірунак, які, напэўна, цяпер больш за ўсё турбуе. Таму што лядовых палацаў нібы набудавалі. Але, як ацэньваюць эксперты, таленавітай моладзі зусім мала”.

Коратка апісаць мэты Праграмы можна так: пабудаваць у краіне пэўную колькасць лядовых палацаў, павялічыць колькасць прафесійных хакейных клубаў з дзіцячымі школамі, павялічыць колькасць вучняў хакейных школ, забяспечыць рост прыбыткаў хакейных клубаў, заняць пэўныя месцы на чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях.

І вось тут узнікаюць пытанні. Згодна з праграмай развіцця, у Беларусі ў канцы 2014 года мусяць працаваць 52 лядовыя арэны. А працуе, калі верыць сайту Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь, толькі 31. Прычым пасля 2010 года, калі была прынятая Праграма, пабудавалі толькі 7.

З клубамі таксама не зусім сыходзіцца. Паводле Праграмы развіцця хакея, у 2014 годзе ў Беларусі павінна быць 14 клубаў, якія маюць свае фарм-клубы і юнацкія хакейныя школы. Аднак на дадзены момант у абедзвюх беларускіх лігах толькі 13 клубаў.

Што тычыцца дасягненняў беларускага хакея на міжнароднай арэне, тут увогуле ўсё вельмі сумна. Праграма прадугледжвала дасягненне 8-е месца на чэмпіянаце свету у 2011 годзе, 6-е – у 2012 і 2013 гадах і нават 4-е на хатнім чэмпіянаце ў 2014 годзе. Рэальнасць аказалася куды больш сціплай. Толькі 14-е месца на чэмпіянаце 2011 года. У 2012 і 2013 было тое самае 14-е. Дома ў Мінску занялі 7-е месца.

Яшчэ горш з Алімпіядай. Праграма прадугледжвала 8-е месца для беларускай зборнай у Сочы. Але нашы хакеісты туды нават не трапілі.

Эксперт Вадзім Кнырко тым часам засцерагае ад папярэдніх ацэнак. Маўляў, пакуль гаварыць аб выкананні альбо правале Праграмы па развіцці хакея рана. Мусіць прайсці нейкі час. Самы важны яе кампанент – развіццё дзіцячага хакея. А гэта ацаніць пакуль складана:

“Пакуль гэта вельмі кароткі тэрмін, каб гаварыць пра вынікі рэалізацыі праграмы. Нейкія вынікі мы пачнём атрымліваць пасля больш значнага прамежку часу. Верагодна, варта пачакаць яшчэ адзін алімпійскі цыкл. Толькі тады можна будзе гаварыць пра ацэнку праграмы”.

На пытанне пра тое, ці будзе прынятая новая Праграма, у федэрацыі хакея прамога адказу не даюць. Маўляў, давайце дачакаемся выканання гэтай – яна разлічаная да канца 2014 года.

Можна і пачакаць. Засталося ўсяго тры тыдні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі