Штанге ўсё ж такі сышоў, але толькі да студзеня

А Юрый Пунтус кажа, што ведае прозвішча яго наступніка 61-гадовы нямецкі спецыяліст Бернд Штанге працягне працаваць галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе. Выканкам Беларускай федэрацыі футбола падтрымаў яго кандыдатуру. Супраць выказаліся толькі тры чалавекі: старшыня клуба БАТЭ Анатоль Капскі, былы трэнер зборнай Беларусі, галоўны трэнер брэсцкага “Дынама” Юрый Пунтус і старшыня наглядальнага савету ФК "Дынама" Юрый Чыж.

Юрый Пунтус, які галасаваў супраць новага трэнера, так патлумачыў сваю пазіцыю ў інтэрв'ю Еўрарадыё:

Юрый Пунтус: "Я не супраць Штанге, але ў мяне ёсць сваё бачанне. Я быў у гэтай скуры і ведаю, што калі перад трэнерам, асабліва замежным, ствараюцца ўсе ўмовы, а ён бярэ на сябе абавязкі дамагчыся выніку і не дамагаецца нават мінімальнага, тады я не бачу сэнсу працягваць з ім кантракт. Я застаўся пры сваім меркаванні. І не Нявыглас (Генадзь Нявыглас — кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола — Еўрарадыё) мусіў яго звольніць, а Штанге сам мусіў сысці".

На думку Юрыя Пунтуса, ужо "нарадзіўся той чалавек, які можа стаць трэнерам", і гэта — Ігар Крывушэнка (былы трэнер БАТЭ і мінскага "Дынама", які цяпер трэніруе расійскі клуб "Сібір" (Навасібірск) — Еўрарадыё). Але з ім не змаглі дамовіцца.

Анатоль Капскі кажа, што Бернд Штанге не прызнае памылак і прысвойвае чужыя заслугі. "Я не ведаю, дзе пасля незадавальняльнай адзнакі трэнер працягваў бы працаваць", — заявіў ён у інтэрв'ю БелаПАН.

Кіраўнік прэс-службы Беларускай федэрацыі футбола Ўладзімір Несцяровіч паведаміў Еўрарадыё, што кантракту са Штанге пакуль не існуе, а сам трэнер ў адпачынку да наступнага года.

Уладзімір Несцяровіч: "Кантракт з ім пакуль не падпісаны. Гэта было агучана на паседжанні выканкаму БФФ. Дзеянне мінулага кантракту спыненае, і зараз спецыялісты будуць працаваць над складаннем новага тэксту кантракту. Штанге с сённяшняга дня сышоў у адпачынак, вернецца толькі ў студзені".

Паводле падлікаў намесніка старшыні Беларускай федэрацыі футбола Міхаіла Вергеенкі, на ўдзел беларускіх футбалістаў у адборачным цыкле чэмпіяната свету-2010 было патрачана больш за 2,2 мільёна долараў, інфармуе сайт nn.by. Еўрарадыё пацікавілася ў спадара Несцяровіча, колькі з гэтай сумы атрымліваў у якасці заробку Бернд Штанге, але толькі і пачула ў адказ, што гэта “канфідэнцыйная інфармацыя”.



Фота - http://naviny.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі