"Штанге ў адстаўку не ідзе і збіраецца праглядзець яшчэ 40 футбалістаў"

Аднак маладзёжную зборную па футболе нямецкі спецыяліст чапаць не будзе, каб не сапсаваць ёй далейшыя гульні адборачнага цыклу чэмпіянату Еўропы. Замест іх трэнер кліча гульцоў, якія ў “маладзёжку” не трапляюць. У сераду зборная Беларусі па футболе на чале з новым трэнерам прайграла чацвёрты матч запар. Нягледзячы на гэта, Бернд Штанге не збіраецца ў адстаўку. Скасоўваць кантракт з нямецкім спецыялістам не мае намеру і Беларуская федэрацыя футбола. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар федэрацыі Сяргей Новыш. Паводле яго слоў, галоўная задача, якая стаіць перад трэнерам, — выхад у фінальную частку чэмпіянату свету 2010 года. Да пачатку адборачнага цыкла да гэтага першынства Штанге працягне эксперыментаваць. Нават у бліжэйшых двух матчах.

Сяргей Новыш: “Наперадзе два матчы — з Албаніяй і Галандыяй. Галоўны трэнер пасля, канешне, правальнага матчу з Люксембургам папрасіў усіх нас пачакаць, даць яму яшчэ час для эксперыментаў, даць магчымасць праглядзець каля 40 кандыдатаў у нацыянальную зборную і даць яму канчаткова вызначыцца з далейшым курсам і з людзьмі, з якімі ён будзе ствараць гэты новы калектыў”.

Такім чынам, амалоджванне зборнай працягнецца. Наперадзе вялікі кастынг, у якім паўдзельнічаюць 40 (!) гульцоў, а гэта амаль 4 каманды. Спіс кандыдатаў не называецца. Аднак вядома, што “маладзёжку”, якая традыцыйна рыхтуе футбалістаў для нацыянальнай зборнай, трэнер пакуль чапаць не будзе, хоць, па словах Сяргея Новыша, і выказвае вялікую цікаўнасць да некаторых гульцоў.

Сяргей Новыш: “Маладзёжная зборная Беларусі на сённяшні дзень ідзе ў лідэрах. І выцягваць са складу ключавых гульцоў цяпер, то бок ставіць пад пагрозу далейшы выступ маладзёжнай зборнай, гэта, на мой погляд, было б няправільна. Гэта разумее і галоўны трэнер. Па некаторых пазіцыях Штанге праяўляе вялізную цікаўнасць да гульцоў маладзёжнай зборнай. Прыйдзе і іх час”.

Папярэдні трэнер зборнай Юры Пунтус абраў нейтралітэт і адмаўляецца ад любых каментароў наконт выступленняў нашай каманды. Разам з тым, ён упэўнены, што ў клубе МТЗ-РІПА, які цяпер трэніруе, ёсць дастойныя кандыдатуры на ўдзел у зборнай.

Юры Пунтус: “У нас ёсць перспектыўныя хлопцы, якія або ў бліжэйшым часе, або крыху пазней павінны быць заўважаныя трэнерскім складам зборнай. У гэтым я перакананы, але гэта густы і справы трэнера”.

Эксперыменты Бернда Штанге заўважылі і за межамі нашай краіны. Алег Блахін, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Украіны, заявіў, што не хоча паўтараць “подзвіг” немца і ўводзіць у каманду шмат моладзі. Паводле яго слоў, трэба найперш думаць пра прэстыж краіны і рэйтынг зборнай.

Фота — www.eurosport.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі