"Штадлер Мінск": У наступным годзе кампаніі пагражае няпоўная вытворчая загрузка

Чуткі аб праблемах у кампаніі "Штадлер Мінск", якая вырабляе электрацягнікі павышанай камфортнасці, ходзяць з восені. У снежні з'явілася інфармацыя, што прадпрыемства збіраецца скараціць 70% персаналу, а астатнім супрацоўнікам прапануюць падпісаць паперу, што яны пагаджаюцца атрымліваць заробак у чатыры разы меншы за ранейшы.


У "Штадлер Мінск" не адмаўляюць і не пацвярджаюць інфармацыю пра скарачэнні. А ў праблемах, з якімі сутыкнулася кампанія, вінавацяць эканамічны крызіс:


"Санкцыі супраць Расіі, падзенне курсу рубля, коштаў на нафту і газ прывялі да краху рынкаў СНД. Дадзеная сітуацыя закранула і дзейнасць завода "Штадлер Мінск" у Фаніпалі. Паколькі ніякіх новых замоваў з краін СНД не паступіла, пачынаючы з другога квартала наступнага года кампаніі пагражае няпоўная вытворчая загрузка. Тым не менш, Штадлер Рэйл намагаецца атрымаць новыя замовы. Нягледзячы на ​​тое, што ёсць некаторыя новыя шматабяцальныя праекты, іх вельмі складана фінансаваць з-за макраэканамічнай сітуацыі. Прыклад таму — "Аэроэкспресс": расійскі чыгуначны перавозчык замовіў 25 цягнікоў, але на гэты момант можа прафінансаваць толькі 11 і таму хоча скарэктаваць дамову адпаведна. Штадлер Рэйл, SERV і фінансуючыя банкі распрацоўваюць план перафінансавання. На жаль, Рэспубліка Беларусь на дадзены момант праз складаную эканамічную сітуацыю не ў стане заказваць рухомы састаў. Штадлер Рэйл шукае выхад на ўзроўні групы кампаній і правярае магчымасць перамясціць частку замоў з іншых заводаў кампаніі на "Штадлер Мінск".


Нагадаем, завод па вытворчасці "швейцарскіх" электрычак пачаў працу ў Фаніпалі ў 2014 годзе. Спачатку ўладальнікам 60% акцый прадпрыемства была швейцарская кампанія Stadler Rail AG, астатнія належалі ўпраўляючай кампаніі холдынгу "Белкамунмаш". Потым швейцарцы цалкам выкупілі "беларускую" долю.

Фота: www.minsk-region.gov.by